З глыбіні сэрца
Пастырскае Слова
Каталіцкія Біскупы Беларусі
Кс. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Ва ўрачыстасць Божага Нараджэння, калі ўвесь свет сузірае таямніцу ўцелаўлення Божага Сына, я перадаю чытачам газеты “Слова Жыцця” сардэчныя пажаданні. Свята Божага Нараджэння з’яўляецца святам жыцця. Сёння мы ўспамінаем гэтую гістарычную падзею з мінулых звыш 2000 год, якaя змянілa ход гісторыі чалавецтва. У цемры граху чалавецтва ўбачыла святло – ніколі незгасаючае Сонца, якім ёсць наш Збавіцель Езус Хрыстус. Як для біялагічнага жыцця чалавека неабходна святло натуральнага сонца, так і для духоўнага жыцця патрэбна Сонца, якім ёсць Езус Хрыстус. Таму няхай газета “Слова Жыцця” нясе тое святло гэтага Сонца, якое сапраўды будзе гарантаваць чалавеку шчаслівае жыццё на зямлі і ў вечнасці. Вясёлых, цёплых, шчодрых на Божыя ласкі і дары свят Божага Нараджэння і Новага года!
†
Кс. біскуп Уладзіслаў Блін Дарагія чытачы газеты “Слова Жыцця”! Мы радуемся разам з анёламі і нясём гэтую праўду тым, хто яшчэ не ведае Бога, сумняваецца ці забыўся пра Яго. Няхай у нашых сэрцах заўсёды будзе месца для Народжанага Езуса, які прыйшоў на свет, каб нас збавіць.
Кс. біскуп Антоній Дзям’янка На надыходзячыя святы Божага Нараджэння і Новага года я жадаю ўсім чытачам газеты “Слова Жыцця” благаславення Божага Дзіцяткі, каб у Новым годзе споўніліся добрыя і высакародныя мары. У нас ёсць уласныя планы, але Бог мае свае планы ў дачыненні да нас. Я жадаю, каб у Новым годзе нашыя планы змясціліся ў Божых планах.
Кс. біскуп Казімір Велікаселец З нагоды свят Божага Нараджэння і Новага года я сардэчна жадаю ўсім чытачам і працаўнікам газеты “Слова Жыцця” Божага благаславення, каб ваша газета несла праўду чытачам так, як нёс яе Езус Хрыстус сваім нараджэннем і прысутнасцю ў сакрамэнтах.