Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі на ўрачыстасць Звеставання НПМ
Пастырскае Слова
Каталіцкія Біскупы Беларусі
“Абараняць жыццё, умацоўваць,
шанаваць і любіць яго — вось заданне, якое Бог даручае кожнаму чалавеку”
Божы слуга Ян Павел II
Шаноўныя браты-святары, кансэкраваныя асобы!
Браты і сёстры, замілаваныя ў Хрысце!
Зноў Божы Провід дазваляе нам святкаваць урачыстасць Звеставання НПМ. Зноў у нашым жыцці мы будзем запрошаны перажыць разам з Марыяй Яе сустрэчу з анёлам Габрыэлем. Трэба без боязі i з вялікай адвагай пагасціць у Назарэце ў доме маладой жанчыны па імені Марыя, якая стала Маці для кожнага чалавека.
“Абараняць жыццё, умацоўваць, шанаваць i любіць яго” — гэта пакліканне не толькі для кожных маці і бацькі, але - і для кожнага чалавека на зямлі. Якой жа вялікай павагай і любоўю мы акружаем сваіх маці, якія далі нам жыццё, клапаціліся пра яго ў нашым дзяцінстве, у маладосці i да сённяшняга дня яго вельмі шануюць. Якой жа вялікай пашанай кожны ахоплівае ўсіх маці на зямлі, якія (на вестку аб зачацці) адказалі так, як Марыя, што з пачатку будуць аберагаць зачатае ў іх дзіця, бо яно з’яўляецца найпрыгажэйшым Божым дарам, якім можа адорваць толькі Творца ўсяго сусвету.
Але вялікай трывогай напаўняе нас той факт, што не кожная жанчына, якая магла б стаць маці, згодна з Божым намерам у дачыненні да перадачы чалавечага жыцця.
†
Кожны год у свеце забіваецца ад 50 да 60 мільёнаў зачатых дзяцей. Гэта - культура смерці, адсутнасць пашаны да іншага чалавека, хоць “клопат пра дзіця, яшчэ да яго нараджэння (...), з’яўляецца першай і асноўнай праверкай адносінаў чалавека да чалавека” (Ян Павел II).
“Таму трэба спачатку змяніць адносіны да зачатага дзіцяці. Нават калі яно з’явілася “нечакана”, яно ніколі не можа быць няпрошаным госцем і агрэсарам. Гэта - чалавечая асоба, таму мае права на тое, каб бацькі не скупіліся яму даваць дар з саміх сябе, нават калі гэта патрабуе ад іх асаблівай ахвяры” (Ян Павел II). Бацькі пакліканы абараняць жыццё, а кожны чалавек мае маральны абавязак дапамаг аць ім па-рознаму ў гэтым.
Многія абавязваюць сябе маліцца ў справе “Духоўнага ўсынаўлення”, якую кожны год Касцёл распачынае ва ўрачыстасць Звеставання НПМ.
Што зрабіць, каб пачаць духоўнае ўсынаўленне? Прыйдзіце ў касцёл ва ўрачыстасць Звеставання НПМ i падчас св. Імшы разам з іншымі дайце ўрачыстае абяцанне. Так вы далучыцеся да справы выратавання зачатага жыцця. Гэта можа зрабіць кожны чалавек, штодзённа адгаворваючы малітву за выратаванне дзіцячага жыцця i адну таямніцу Ружанца, а таксама прымаючы дабравольную пастанову. Менавіта да такой малітвы мы заахвочваем усіх вас: святароў, кансэкраваных асобаў, свецкіх вернікаў – усіх людзей добрай волі, для якіх чалавечае жыццё з’яўляецца найбольшым дарам Бога.
Мы молімся за вас
і ўдзяляем усім вам пастырскае
благаславенне.