Нарадзіўся для нас Збавіцель

Пастырскае Слова

Пажаданні біскупа Аляксандра Кашкевіча
з нагоды Божага Нараджэння 2009 г. і Новага 2010 году
Дарагія ў Хрысце браты і сёстры! 
“Нарадзіўся для нас Збавіцель - усяго свету Адкупіцель”. У гэтыя радасныя дні Божага Нараджэння мы спяваем гэтыя словы каляднай песні, будучы сведкамі прысутнасці Бога ў нашым жыцці. Праўда пра нараджэнне Езуса ідзе поруч з праўдай пра нашае нараджэнне да новага жыцця, з напамінкам пра тое, кім мы ёсць на самай справе.
    Гледзячы на яслі, паспрабуйце знайсці там сваё месца ля Бога, які дзеліцца з намі сваёй Любоўю. А каб убачыць Бога, патрэбна выкінуць з сябе зло, якое пануе ў нашым сэрцы, якое не дазваляе нам убачыць сваё сапраўднае людское аблічча.
Народжанае Дзіця заклікае навярнуцца сэрцам. Святы Тамаш з Аквіну сказаў, што “толькі Бог можа напоўніць чалавечае сэрца”. Трэба мець адвагу прызнацца ў сваіх памылках, слабасцях і аддаць сваё жыццё ў Божыя рукі. Так як дзіця давярае бязмежна сваім бацькам, так і кожны з нас павінен даверыцца Нябеснаму Айцу. Божае Нараджэнне павінна адбыцца ў кожным з нас, у кожным чалавеку, які жыве на Зямлі.
    Давайце пойдзем усе ў стаенку разам з пастухамі, каб з пакорай і верай схіліцца перад Богам. Кожны, хто наведваў Хрыста ў бэтлеемскай стайні, адыходзіў шчаслівы. У Хрысце мы заўважым уласную годнасць і вернемся да нашых заняткаў шчаслівымі. Няхай паўторнае прывітанне Народжанага Хрыста будзе сапраўднай пілігрымкай кожнага з нас да раскрыцця праўды: без Бога мы не зможам добра запланаваць уласнае жыццё.
    Давайце пойдзем з вялікай радасцю да Бога. Не трэба нам баяцца даверыцца Яму, нягледзячы на тое, што адкрываецца нам Ён, як безабароннае Дзіцятка. Трэба паверыць ва ўсемагутнасць Яго Любові, якая знішчае кайданы нянавісці і чалавечай злосці, а ўводзіць прымірэнне з Богам і бліжнімі. Няхай Любоў, якая адкрылася ў Езусе Хрысце, напаўняе ўсіх нас і дапаможа з даверам да Творцы ўвайсці ў Новы 2010 год.
Ад шчырага сэрца я благаслаўляю Вас пражыць радасна і благаславенна святы Божага Нараджэння і кожны дзень Новага 2010 году.