Аd Limina Apostolorum

Пастырскае Слова

біскуп Аляксандр Кашкевіч
    Дарагія чытачы газеты “Слова Жыцця”!

    9 снежня б.г. я адпраўляюся з візітам Аd Limina Apostolorum у Рым на сустрэчу з Папам Бэнэдыктам XVI. Гэта будзе ўжо мой трэці візіт у Рым, але першы – да Папы Бэнэдыкта XVI. Напэўна, я раскажу Святому Айцу пра нашыя супольныя дасягненні ў дыяцэзіі і пра праблемы, цяжкасці сённяшняга дня. Падчас візіту я наведаю таксама ўсе 4 базылікі Рыма, дзе буду маліцца за давераны мне Касцёл Гродзеншчыны.
    Спачатку я буду дзякаваць Богу за ўсе ласкі, якія наша дыяцэзія атрымала за гэтыя апошнія гады. Асаблівым чынам я ахаплю сваёй малітвай святароў і сёстраў з розных ордэнаў, буду маліцца аб святасці жыцця для іх, за нашыя сем’і, каб яны былі моцныя Богам; за моладзь, каб па-сапраўднаму яна была зацікаўлена справамі рэлігіі і веры; за дзяцей, каб яны давяралі Богу; за хворых, самотных і бедных. Кожнага з Вас, дарагія браты і сёстры, я забіраю ў сваё сэрца ў Вечны горад.
    Падчас сустрэчы са Святым Айцом мы, біскупы, запросім Папу ў Беларусь, каб ён прыбыў да нас і з намі супольна маліўся. Я скажу Святому Айцу, што мы молімся за яго і аддаём яго пад апеку Маці Міласэрнасці. Цалуючы пярсцёнак наступніка Пятра, я буду прасіць Святога Айца аб благаславенні для Гродзенскай дыяцэзіі.
    Я прашу кожнага з Вас памаліцца за мяне і ўсіх біскупаў Беларусі.