Наймілейшы абраз

Пастырскае Слова

біскуп Аляксандр Кашкевіч
    На Віленшчыне ў кожным доме ёсць Яе абраз. З вялікім даверам людзі моляцца да нашай Маці Міласэрнасці.
    У дзяцінстве ў парафіяльным касцёле ў Эйшышках у мяне менавіта перад алтаром Вастрабрамскай Божай Маці было любімае месца. Заўжды я хацеў быць бліжэй да Сваёй Маці. Я быў не раз у Вострай Браме. Асабліва мяне прыцягвалі набажэнствы “Апекі”. Прыязджаючы ў Вільню, я спяшаўся адразу ж ад аўтобуснага прыпынку ў Вастрабрамскую капліцу да сваёй найлепшай Маці Міласэрнасці, да Суцяшальніцы Засмучаных.
    Будучы святаром, я абвяшчаў Божае слова падчас Навэнны да Маці Міласэрнасці. А калі Божы слуга Ян Павел II стварыў Гродзенскую дыяцэзію, а мяне назначыў яе біскупам, то я выбраў Божую Маці Міласэрнасці ў якасці Заступніцы Гродзенскага Касцёла.
    З вялікай любоўю, з поўным даверам кожны з нас звяртаецца да Адзінай і Найлепшай Маці, якую мы ўшаноўваем у незлічоных абразах. Але для мяне самы найбліжэйшы і наймілейшы з іх – абраз Вастрабрамскай Божай Маці.