Варты адпачынак у сустрэчы з Езусам

Слова рэдактара

Летнія месяцы ў нас асацыіруюцца з адпачынкам. За гэты час пераводзяць дух не толькі дзеці. Дарослыя таксама адпачываюць. Святары і асобы кансэкраванага жыцця адпраўляюцца на рэкалекцыі, каб набрацца сіл і пабыць самнасам з Богам.
    Аднак ёсць такія людзі, якім трэба загадаць адпачыць. Такім чалавекам быў, напрыклад, Караль Вайтыла, будучы папа Ян Павел ІІ. Калі ён стаў біскупам у Кракаве, першы год працаваў у такім тэмпе, што не вытрымала здароўе, а потым, калі набываў новы каляндар, урачы рэкамендавалі яму ўпісваць туды тыдзень адпачынку зімой і два тыдні летам.

Варта прысвяціць гэты час сваім блізкім, больш увагі надаваць дзецям і моладзі. Варта прачытаць добрую кнігу, а таксама хаця б на некалькі дзён куды-небудзь выехаць. Адпачынак паказвае нам, кім з,яўляецца Езус у нашым жыцці. Калі мы працуем з раніцы да вечара, апраўдваемся, што не паспяваем. Канікулы прызначаны для таго, каб шчодра аддаць гэты час Езусу, аддаць яго сабе ў сустрэчы з Ім. Канікулы могуць многае расказаць нам пра нашу веру.
    Жадаю добрых канікул і добрага адпачынку, а таксама духоўных поспехаў у пошуках шчасця!