Цудоўны дар Касцёла

Слова рэдактара

Наперадзе нас чакае асаблівы час – Вялікі тыдзень, які распачынаецца Нядзеляй Мукі Пана. Глыбокае перажыванне і разуменне Вялікага тыдня дазваляе адкрыць сэнс жыцця, вярнуць надзею і веру. Адны толькі Велікодныя святы, без сапраўднага перажывання дзён, якія ім папярэднічаюць, не стануць для нас часам пераходу ад смерці да жыцця, мы не зразумеем вялікай Божай любові да кожнага чалавека.
   Гэта цудоўны дар Касцёла, які можа ўзбагаціць нашу сям,ю і наблізіць нас да Хрыста. Дзякуючы глыбокаму перажыванню Вялікага тыдня, паглыбленню ў таямніцу Божай любові, маем шанс сапраўды аднавіць сваю веру і навярнуцца да Бога.
Калі Езус Хрыстус з,яўляецца нашым Панам і Збаўцам, на якім мы хочам будаваць жыццё, на якога ўскладаем усе надзеі, то не будзем абыякавымі да таго, што Ён здзейсніў, спазнаў і перажыў за гэтыя 3 вырашальныя дні – Вялікі чацвер, Вялікую пятніцу і Вялікую суботу.
    Пасхальны Трыдуум – гэта больш, чым падзея, якая адбылася 2 тысячы гадоў таму. Гэта больш, чым набажэнства, на якое я пайду, перажыву (ці не) момант узрушэння, а потым вярнуся ў сваю штодзённасць. У падзеях Пасхальнага Трыдууму я мушу ўбачыць праўду пра ўласнае жыццё.
    Дарагія Чытачы, жадаю Вам у першую чаргу добрага, поўнага веры перажывання Вялікага тыдня, а ўжо потым – смачнага яйка!