З павагай да старасці

Слова рэдактара

У гэтым годзе мы ўпершыню адзначаем Сусветны дзень бабуль ды дзядуль і пажылых людзей, які быў устаноўлены па ініцыятыве Святога Айца Францішка.
   “Народ, які не клапоціцца пра бабуль ды дзядуль і не ставіцца да іх добра, – гэта народ без будучыні!” (Прамова папы Францішка падчас сустрэчы з пажылымі людзьмі. Плошча св. Пятра, 28 верасня 2014 года).
Не трэба шмат, каб даць адчуць пажылым асобам, часта хворым, што яны для нас па-ранейшаму важныя і любімыя. Дастаткова ўсяго крыху цярплівасці, далікатнасці, самааддачы і ўвагі. Нічога страшнага, што мы ў соты раз пачуем адну і тую ж гісторыю, расказаную тымі ж словамі.
    Неабходна наведваць пажылых людзей, бацькоў, тэлефанаваць ім, калі жывуць далёка. Не дазволім, каб нашы родныя пражывалі свае апошнія гады на зямлі, адчуваючы крыўду. Няхай удзячнасць і любоў да іх дапамогуць нам знайсці моманты, якія мы маглі б падарыць толькі ім!