Крыж як люстэрка майго сумлення

Слова рэдактара

Можна абыякава прайсці міма крыжа. Асабліва калі не заўважаеш на ім Езуса. Так робяць мільёны людзей ва ўсім свеце. Аднак, калі ўбачыць пакутуючага Хрыста, крыж перастае быць абыякавым сімвалам, а становіцца люстэркам, у якім чалавек пачынае бачыць розныя вобразы.
   Перш за ўсё, ён бачыць там уласнае адлюстраванне. Ад яго самога залежыць, наколькі падрабязна разглядае ўбачанае. Можа проста мазнуць вокам і, не робячы ніякіх высноў, спакойна пайсці далей. А можа ўважліва прыглядзецца, заўважыць, што добра, а што дрэнна.
Можа парадавацца добраму і пачаць працаваць над выпраўленнем дрэннага альбо пагадзіцца на тое, каб яго кранула сумленне, і пачаць змяняць сваё жыццё да лепшага.
    Гледзячы ў люстэрка, чалавек бачыць не толькі сябе. Ёсць там і вобразы іншых. Пад крыжам Хрыста альбо побач з ім апынуліся розныя людзі. Там былі Пілат, Юда, заплаканыя жанчыны, Сымон Кірынеец, добры і дрэнны злачынцы, сотнік, Пётр... Адны дазволілі, каб іх сумленне ўзварухнулася, іншыя захацелі заглушыць яго голас.
    Мы набліжаемся да Вялікага тыдня, калі атрымаем асаблівую магчымасць глядзець на пакутуючага Езуса, разважаць пра Яго мукі і боль. Будзем таксама глядзець на тых людзей, вобразы якіх можна ўбачыць у люстэрку крыжа. Будзем прыглядацца да сябе. Няхай і ў нас, якія стаім пад крыжам, узварухнецца сумленне, каб з абноўленым сэрцам маглі праспяваць радаснае “Алелюя!”.