Ніхто не любіць думаць, што ён далёкі ад дасканаласці. Няпроста пакінуць зручную, ужо пратаптаную сцежку і пачаць жыць па-новаму. Але іншага выхаду няма. Калі мы хочам дабрацца да мэты, важная не якасць дарогі, а кірунак, у якім яна вядзе. А мэтай кожнага чалавека з,яўляецца Неба.
Навяртанне – гэта не праполка градкі. Мы можам вырваць адно ці другое пустазелле, але на іх месцы вырасце новае. Навярнуцца – значыць змяніць сваё мысленне. Сказаць сабе, што я больш не люблю зло, што больш не прывязаны да яго. Хачу ісці за Езусам і жыць так, як бы Ён жыў на маім месцы.
Няхай сёлетні Адвэнт стане для кожнага з нас плённым часам у пошуках Езуса ў сваім жыцці. Шукайма Хрыста ў літургіі, у малітве, у Божым слове, у сакрамантах, у паўсядзённасці і ў іншым чалавеку. Не трэба баяцца адкрыць Яму дзверы сэрца. Неабходна супакоіцца, засяродзіцца і прымаць мудрыя, адпаведныя з Божай воляй, рашэнні.