Абавязак і прывілея

Слова рэдактара

 Перажываючы 100-годдзе з дня нараджэння св. Яна Паўла II, варта нанова расчытаць усё, што нам пакінуў вялікі Папа. Яго духоўны запавет змяшчае мноства важных ісцін і думак, усё яшчэ актуальных, якія натхняюць на новыя ініцыятывы ў служэнні Богу і людзям.
   Несумненна, многія з нас усведамляюць вялікі доўг удзячнасці, які маем перад св. Янам Паўлам II. Святы Айцец жыў у часы 2-юх таталітарных сістэм – нацызму і камунізму – якія тапталі чалавечую годнасць і сям’ю. Ён у значнай ступені спрыяў адраджэнню Касцёла ў сучаснай Беларусі: заснаваў нашу дыяцэзію, прызначыў першага біскупа.
Святы Папа вяртаў годнасць сям’і, якая служыць сустрэчы чалавека з чалавекам і чалавека з Богам. Бачыў у ёй першае і натуральнае асяроддзе евангелізацыі і катэхізацыі, таму што бацькі не толькі даюць дзіцяці жыццё, але і абавязаны нарадзіць яго да веры.
    Вучэнне Яна Паўла ІІ уключала сапраўдны клопат пра чалавека. Святы Айцец адказваў на выклікі часу і вёў нястомную барацьбу за людзей. Ён таксама рашуча выказваўся на тэму эўтаназіі, узброеных канфліктаў, тэрарызму – усіх тых праблем, дзе рызыцы падвяргаліся чалавечая годнасць і жыццё.
    Напярэдадні вялікага юбілею вернікі пакліканы нанова разглядзець свет каштоўнасцей, якімі св. Ян Павел II жыў кожны дзень. Варта прасякнуцца яго чуласцю да лёсу іншай, асабліва згубленай, беднай, церпячай і патрабуючай салідарнай дапамогі асобы. Варта адкрыць святога Папу як чалавека малітвы, зачаравацца яго любоўю да Касцёла.
    Нам таксама неабходна глыбока прыняць да сэрца яго знамянальныя словы: “Не бойцеся! Адчыніце, адчыніце насцеж дзверы Хрысту!”. Няхай гэты заклік нясе святло надзеі для ўсяго чалавецтва, якое жыве ў нявызначанасці заўтрашняга дня з-за пануючай пандэміі. Няхай гэты заклік набярэ асаблівага значэння сёння, калі крытэрыі і нормы хрысціянскай тоеснасці так пахіснуліся. Пастаянна нарастаючы тэмп змен паглыбляе замяшанне і няўпэўненасць людзей, робіць іх духоўна аслабленымі і згубленымі ў лабірынце сучаснага свету. Таму так ва на адкрыць сваё сэрца на Бога, які адорвае ласкай, дакранаючыся да нашага сёння і заўтра.
   
    Дарагія Чытачы!
   Няхай наследдзе св. Яна Паўла ІІ надалей жыве ў нас. Памятайма, што маем абавязак, але таксама прывілею, каб з моцай сведчыць пра тое, што ён дэманстраваў усім сваім жыццём і навучаннем.