Адказаць на Божы заклік

Слова рэдактара

 Кожны год падчас Адвэнту перажываем урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, становячыся перад тварам невымоўнай любові Бога да чалавека.
    У гэты святочны дзень мы запрошаны праслаўляць Стварыцеля за прадказаную спрадвеку Жанчыну, патомства якой сатрэ галаву д’яблу, – за Марыю. Маем шчасце жыць, паколькі Бог у Яе Сыне Езусе Хрысце вярнуў нам годнасць Яго дзяцей. Прынізіў сябе, прыняў “постаць слугі” (Флп 2, 7), стаў адным з нас, нашым братам, каб адарыць удзелам у сваім жыцці, у сваёй велічы і славе.
    Маці Збаўцы, Святога над святымі, Пераможцы зла і граху была надзелена ласкай выключнага і непаўторнага паклікання.
Таму асвечаная, абароненая ад першароднага граху – Беззаганная! У Ёй няма ні ценю граху – з’яўляецца адлюстраваннем бляску свайго Сына – Адкупіцеля. Найсвяцейшая Маці ўсведамляла сваю абранасць. Прызнавала, што Бог адкупіў Яе праз Сына: “Узрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы” (Лк 1, 47).
    Усё гэта Марыя атрымала не дзякуючы ўласным заслугам, але дзеля Святога, дзеля Божага Мацярынства і, у рэшце рэшт, дзеля нас, таму што Божы Сын з Яе стаў Чалавекам для нашага збаўлення. Марыя здолела распазнаць пакліканне, якое з’яўляецца найбольшым дарам ад Пана. Адказала Стварыцелю “так” і засталася вернай Яму да канца.
    Найсвяцейшая Панна Марыя вучыць нас адказваць на Божае пакліканне і Яго дары. Св. апостал Павел прыгадвае, што Усемагутны кожнага “блаславіў усялякім духоўным бласлаўленнем” (Эф 1, 3), адарыў ласкай па меры нашых заданняў, вызначанай місіі на зямлі. Бог, заклікаючы да ўдзелу ў Яго жыцці, да збаўлення свету, да шчасця, ставіць кожнага чалавека ў пэўным месцы і часе, даручае адмысловую задачу і, разам з тым, дае здольнасць расчытаць яе, прыняць як Божую волю, што можа ашчаслівіць, як запрашэнне далучыцца да справы збаўлення, будавання Божага Валадарства.
    Варта памятаць, наша пакліканне вырашаецца ў канкрэтным жыцці – у сям’і, у школе, на працы, у бальніцы… Там павінны нястомна старацца быць “святымі і бездакорнымі”.
   
    Дарагія Чытачы!
   Будзьма ўпэўнены, што разам з пакліканнем атрымліваем ласкі для яго рэалізацыі. Калі Бог выбірае для нас пэўны шлях, то і адорвае моцай для выканання даручаных задач. А веліч нашага жыцця ў тым, каб перад яго канцом па прыкладзе Марыі маглі сказаць: “Пане, я заўсёды стараўся выконваць Тваю волю, не меў у жыцці важнейшай мэты”.