Ставіць патрабаванні

Слова рэдактара

 Сёлетнія канікулы ўжо за плячамі. Адпачыўшы, можам з павялічанай энергіяй вярнуцца да пакінутых задач.
    Новы навучальны і катэхетычны год – гэта новыя шансы, новыя магчымасці, новы досвед, гэта нагода, каб узяцца за працу над сабой. Цяжка рэалізаваць такія мэты, не змяняючыся. Таму варта не баяцца кожны раз ставіць перад сабой новыя задачы і патрабаванні. Мы жывём у часы, калі дамінуе г. зв. “выхаванне без стрэсу”. Яго тэзісы не маюць у сабе нічога дрэннага, нават наадварот – яны вельмі разумныя: лепш размаўляць з дзецьмі, чым крычаць на іх, тлумачыць, чым бясспрэчна забараняць, а прымяняць цялеснае пакаранне не лепшы выхад.
Аднак гаворка ідзе не аб дазволе дзецям усяго, чаго хочуць, а аб тым, каб дапамагчы ім убачыць межы. Для гэтага бацькам трэба спачатку акрэсліць для саміх сябе, што правільна, а што не. Хто не патрабуе ад сябе, не здолее ставіць здаровыя патрабаванні перад іншымі. Хто не ўмее выразна вызначыць межы паміж дабром і злом у сваім жыцці, не навучыць сына ці дачку, як выбіраць самае каштоўнае.
    Патрабаванні да дзяцей рознага ўзросту адрозніваюцца. Аднак заўсёды неабходна знаходзіць для кожнага час і цярплівасць. Калі гэтага не хапае, лягчэй за ўсё звярнуцца да паставы “зрабі гэта, бо я так кажу” або “ідзі ў свой пакой і не дуры мне галаву”.
    На жаль, для многіх важна толькі тое, каб дзеці былі паслухмянымі, што на практыцы азначае, “каб не перашкаджалі” ці “каб ніхто на іх не скардзіўся”.
    Часам у бацькоў можна сустрэць таксама падыход “каб дзіця было задаволена” або “няхай хоць яно мае тое, чаго я ў сваім дзяцінстве не меў”. У маленькага чалавека ёсць тады многае – найперш матэрыяльныя рэчы. Многае! Але яму не стае найважнейшага – увагі сваіх бацькоў, іх любові і выразных падказак, як рабіць правільны выбар у сваім жыцці.
    “Вы павінны патрабаваць ад сябе, нават калі іншыя ад вас не патрабуюць” – гаварыў св. Ян Павел ІІ. Гэтыя словы часта становяцца выпрабаваннем сумлення для дарослых, а ў першую чаргу для бацькоў-хрысціян. Ускосна заклікаюць да таго, каб мы не пакідалі дзяцей і моладзь сам-насам з сабой, каб спадарожнічалі ім, каб клапаціліся аб іх рэлігійным выхаванні.
   
    Дарагія Чытачы!
   Дзякуйма Богу за бацькоў, якія здольны растлумачыць сваім дзецям, што добра, а што дрэнна. Дзякуйма за бацькоў, якія ставяць перад дзецьмі патрабаванні і цярпліва паказваюць ім правільны шлях. Дзякуйма за бацькоў, якія любоў да дзяцей разумеюць не як выкананне іх капрызаў, а як прышчапленне сапраўдных каштоўнасцей. Няхай такіх бацькоў будзе як мага больш!