З кожным днём мы ўсё больш набліжаемся да паўторнага прыйсця Збаўцы на зямлю. Сам Езус неаднаразова папярэджваў: “Чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе” (Мц 24, 42).
У прарока Ісаі чытаем: “І станецца ў апошнія дні, што гара дому Пана будзе пастаўлена на вяршыні гор і ўзвысіцца па-над пагоркамі” (Іс 2, 2). Тымі невядомымі “апошнімі днямі” з’яўляецца хвіліна нашай смерці. Безумоўна, гэта таямнічы і прыгожы момант, бо чалавек сустракаецца з міласэрным Панам Усемагутным, адчувае ўсёабдымнае Святло. Бласлаўлёны, насамрэч шчаслівы той, хто можа ў Яго акунуцца, застацца ў Ім і цешыцца сапраўдным спакоем і вечным жыццём. Каб стаць радасным удзельнікам Парузіі, трэба трымацца ў Святле Пана, хадзіць сцежкамі Божых запаведзей і бласлаўленняў ды старанна пільнаваць сваё сэрца.
Езус прыходзіць на свет, каб збавіць кожнага чалавека! Мы не можам гэтага ігнараваць. Нельга таксама забывацца, што для збаўлення душа патрабуе навяртання. Хрыстос абяцаў, што калі адчынім перад Ім дзверы сваёй душы, Ён увойдзе і паселіцца там. Таму мы павінны ахоўваць дарогу, якая туды вядзе, каб не ступіў на яе злы дух, не праніклі сумненні ў міласэрнасці Нябеснага Айца, абыякавасць да Божых спраў, пагарджэнне ўзаемнай любоўю.
Дарагія Чытачы!
Дазволім, каб у час Адвэнту Бог аднавіў нашыя сэрцы і асвяціў іх сваёй ласкай. Адкрыемся на прыход Збаўцы!
Наводзячы святочныя парадкі, гатуючы арыгінальныя стравы на стол, не будзем забывацца пра сутнасць свят. Памятайма аб дапамозе людзям, закранутым хваробай ці калецтвам, аб удзячнасці ўсім тым, хто аказвае нам дабро і падтрымлівае ў цяжкія хвіліны жыцця.