Быць дзіцём Бога!

Слова рэдактара

 Знаходзячыся ў раі, Адам і Ева парушылі наказ Стварыцеля і з’елі плод з забароненага дрэва, здзяйсняючы такім чынам першародны грэх. Мы, патомкі зямных прабацькоў, унаследавалі ад іх гэтую віну. Аднак хрост абмывае нас ад бруду непаслухмянасці, каб упоўні маглі цешыцца бязмежнай любоўю Усемагутнага. Прыняцце гэтага сакраманту з’яўляецца пачаткам новага жыцця – мы назаўсёды становімся дзецьмі Бога. І вызнаём гэтую праўду кожны раз, калі паўтараем словы малітвы, якой навучыў нас Езус Хрыстус: “Ойча наш, каторы ёсць у Небе”.
Быць чыімсьці дзіцём – значыць унаследаваць пэўныя рысы, асаблівасці характару, належаць да сямейнай гісторыі і несці за яе адказнасць. Як дзіця пераймае паводзіны сваіх бацькоў, так мы, будучы дзецьмі Найвышэйшага, павінны імкнуцца да пераймання Яго святасці. Як дзіця поўнасцю давяраецца бацькам, так і мы можам усё даверыць любячаму Айцу.
    У гэтым заключаецца шаленства любові, аб’яўленай Богам праз Хрыста: Пан, якога ўспрымалі як усемагутнага Валадара і справядлівага Суддзю, становіцца нашым Татам. Ён так моцна палюбіў людзей, што прыходзіць у нашыя сэрцы, каб там трываць і ўмацоўваць нас на складаным жыццёвым шляху. Усведамляючы веліч гэтай ласкі, св. Павел так пісаў у адным са сваіх пасланняў: “Бласлаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста; [...] Ён выбраў нас у Ім перад стварэннем свету [...]. Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі” (Эф 1, 3–6).
    Аднак быць дзіцём – значыць не толькі мець пэўныя прывілеі, але і абавязкі. А быць дзіцём самога Бога – гэта вялізная адказнасць, бо не заключаецца выключна ва ўпісанні нас у нябесную картатэку, але і ў пэўным духоўным супрацоўніцтве. Св. Тэрэза Бенедыкта ад Крыжа казала: “Быць дзіцём Усемагутнага – значыць аддаваць сябе ў Яго рукі, выконваць Яго волю, даручаць Яму свае клопаты і надзеі, не мучыцца страхам перад будучыняй. У гэтым заключаецца сапраўдная вольнасць і вяселле Божых сыноў”.
   
   Дарагія Чытачы!
   Давайце выхоўваць у сабе Божае дзяцінства. Давайце памятаць, што мы залежым ад Усемагутнага, для якога няма нічога немагчымага. У сваіх малітвах папросім, каб Пан даў нам ласку нанова адкрыць глыбокі сэнс сакраманту хросту, дзякуючы якому мы сталі дзецьмі Бога.