Затым бралася за работу: летам працавала на полі, а зімой прала лён і пяньку на кроснах. Ружанцовая малітва і набожныя спевы дапамагалі ёй годна пераносіць боль сіроцтва, спраўляцца з цяжкімі заняткамі і штодзённай нястачай. Нягледзечы на ўсе перашкоды бл. Мар’яне ўдалося рэалізаваць евангельскі ідэал быцця вучнем Езуса: праз сваю беднасць, пакорнасць і цярплівасць. Нават жудасці войнаў не знішчылі яе веры. Даверылася Богу цалкам! Бласлаўлёная вучыць нас, што простае жыццё можа стаць шляхам да святасці, да якой пакліканы ўсе ахрышчаныя і асновай якой з’яўляецца любоў, што ажыўляе ўсе дабрадзейнасці: справядлівасць, працавітасць, чысціню, паслухмянасць, радасць... Быць святым – значыць ва ўсім прыпадобніцца да Хрыста: у думках, словах і ўчынках.
Мы часта недаацэньваем звычайныя штодзённыя моманты, хоць менавіта ў іх утоена найвялікшая каштоўнасць. Бл. Мар’яна паказвае, што любоў і шчасце дасягальныя, калі чалавек прыме ўласны свет, поўныя цяжкасцей і працы будзёныя дні. Вучыць павазе да нашага “цяпер”, якое вельмі важнае, таму што “потым” можа быць ужо позна. Прыгадвае таксама: кожнаму варта імкнуцца да святасці, што павінна з’яўляцца сэнсам і мэтай існавання. Хоць і зможам дасягнуць дасканалай святасці толькі ў Небе – пасля жыцця ў барацьбе са злом і самім сабой.
Дарагія Чытачы!
Трэба старацца быць шчаслівымі ўжо тут, на зямлі. Неабходна ўмець радавацца, нягледзечы на хваробы, нястачу, цяжкасці, якія сустракаем штодня. Крыніцай шчасця з’яўляецца Бог. Калі будзем побач з Ім, сэрца напоўніцца радасцю.
Трымаймася Бога так, як гэта рабілі святыя! Трымаймася Бога так, як бл. Мар’яна!