Такім жа чынам Збаўца паклікаў Пятра, Якуба і Яна, якія былі рыбакамі, Мацвея, што быў мытнікам... Яны, напэўна, мелі свае планы на жыццё, нейкія слабасці. Але Хрыстос паглядзеў на выбраных з любоўю, бо менавіта яны былі Яму патрэбны.
Сёння таксама ёсць шмат адважных, якія пакінулі ўсё і пайшлі за Хрыстом, несучы Яго святло туды, дзе самая непраглядная цемра, уваскрашаючы надзею ў сэрцах прыгнечаных людзей. Мы можам сустрэць іх у сваіх парафіях, дзе з вялікай стараннасцю катэхізуюць дзяцей і моладзь, наведваюць бальніцы і дамы састарэлых, працуюць у закрыстыях і касцёльных установах. Кансэкраваныя асобы сярод нас, яны – багацце Касцёла!
Св. Ян Павел ІІ напісаў у адгартацыі “Vita Consecrata”: “Кансэкраванае жыццё з’яўляецца каштоўнай аздобай Божага дома – Касцёла”. Манаскія асобы на ўласным прыкладзе паказваюць, што кожны хрысціянін, кожны чалавек можа, а нават і павінен, паставіць Бога ў цэнтр свайго жыцця, мар і намераў. Іх сведчанне востра неабходна ў свеце, у якім людзі вельмі часта не ведаюць, навошта жывуць, як і для каго.
Дарагія Чытачы!
Няхай сёлетні Сусветны дзень кансэкраванага жыцця будзе для ўсіх напамінам, што манаскае жыццё і клопат аб яго развіцці – справа ўсяго Касцёла, у тым ліку кожнага з нас. Калі хочам, каб новыя асобы велікадушна, ахвярна і поўнасцю даручалі сябе Пану Богу, бясконца Яму давяраючы, то як хрысціяне не можам ні іх саміх, ні іх пакліканне пакінуць без малітоўнай, духоўнай і матэрыяльнай падтрымкі.
З удзячнасцю за дар кансэкраванага жыцця ў Касцёле даверым Хрысту і Яго Найсвяцейшай Маці ўсіх манахаў і манахінь, якія служаць у нашай дыяцэзіі. Памолімся, каб іх сведчанне, выражанае праз малітву і паслугу ў разнастайных галінах апостальскай дзейнасці Касцёла, было для многіх людзей яскравым прыкладам сур’ёзнага ўспрымання і радаснага перажывання Евангелля.