Невыпадкова, што гэтае моладзевае сведчанне веры і абвяшчэнне любові Хрыста гучала ў надзвычайны Юбілейны год міласэрнасці менавіта з Кракава, адкуль па ўсім свеце разышлося пасланне аб міласэрнасці Пана. Маладыя людзі з іскрай вырушылі адтуль у розныя бакі свету, каб дзяліцца сваёй верай, быць сапраўднымі сведкамі Езуса Міласэрнага, які і сёння дзейнічае з вялікай моцай і сілай.
З такім юнацкім запалам і энтузіязмам я як новы галоўны рэдактар нашай дыяцэзіяльнай газеты “Слова Жыцця” прагну прыняць гэты выклік, які прапанаваў мне Касцёл. Я вельмі ўдзячны святарам, якія стваралі гісторыю нашай газеты з 1997 г., на чале з маім непасрэдным папярэднікам – кс. Паўлам Салабудам, які кіраваў рэдакцыяй на працягу апошніх сямі гадоў.
Перад цяперашнім калектывам яшчэ шмат працы. Мы прагнем дайсці да ўсіх нашых чытачоў і разам з іншымі каталіцкімі сродкамі масавай інфармацыі нашай краіны надалей настойліва ўказваць на табліцы Дэкалога і хрысціянскія вартасці, а таксама бараніць карані Еўропы. Мы будзем шукаць новыя формы абвяшчэння Евангелля ў свеце, поўным супярэчнасцей, дзе лю-дзі жывуць у пастаяннай спешцы. З яшчэ большым запалам будзем знаходзіць сляды Бога ў штодзённасці і дабірацца да сучасных сведкаў веры нашых зямель. Праз гэта мы жадаем паказаць, што наша бласлаўлёная зямля, акропленая кроўю мучанікаў, мае годных людзей, якія любяць Пана Бога і стараюцца весці вартае хрысціян жыццё. З часам рэдакцыя прапануе новыя рубрыкі, новыя твары, новыя прозвішчы...
Сардэчна вітаю чытачоў і запрашаю жадаючых да творчага супрацоўніцтва. Прыкладзём разам як мага больш намаганняў, каб нашае “Слова” сапраўды стала для кожнага “Жыццём”. Няхай дыяцэзіяльная газета стане госцем у кожнай каталіцкай сям’і!