Сустрэча з Маці

Слова рэдактара

Мы перажываем у жыцці розныя сустрэчы. Некаторыя з іх запамінаюцца надоўга, а іншыя хочацца сцерці з памяці як мага хутчэй. Сустрэчы, якія прыносяць радасць і добрую навіну, – найбольш пажаданыя для нас. І, у той жа час, ніхто б не хацеў сустрэч, падчас якіх пачуў бы дрэнныя весткі. Спатканні з Марыяй, нашай Маці, заўсёды жаданыя. Малое дзіця пастаянна хоча быць побач з мамай. І малады, і старэйшы чалавек памятае пра сваю маці, да якой заўсёды можа прыйсці. Бог дае нам Марыю, якая нас чакае. Летні час – выключная магчымасць сустрэцца з Ёю ў Будславе, Тракелях, Браславе, Лагішыне і ў іншых санктуарыях нашай краіны. Варта выкарыстаць нагоду і адправіцца на сустрэчу з Марыяй.
Маці Божая на працягу ўсяго свайго жыцця крочыла за Езусам, заўсёды і ўсюды. Сёння чалавек сам выбірае сабе розныя дарогі, а жыццёвы GPS, на жаль, часта залежыць ад рэалій сучаснага свету, які не заўсёды памятае пра свае хрысціянскія карані. Калі свет перастае слухацца голасу Езуса, пачы- наецца трагедыя. На такім шляху чалавек перажывае розныя катастрофы. Марыя вучыць нас і заахвочвае слухаць Езуса, распазнаваць Яго голас у сённяшнім свеце, пераймаць Яго. Дзякуючы гэтаму мы становімся лепшымі, фарміруем сваю індывідуальнасць і аднаўляем любоў да Бога і бліжняга. Марыя дазваляе нам вызваліцца ад сардэчнай слепаты, ад цяжару сучаснасці. У гэтым годзе, збіраючыся на сустрэчу з Марыяй, мы можам перажыць Дарогу Міласэрнасці. У Юбілейны год варта асаблівым чынам паклапаціцца аб чыстым сумленні, якое набліжае нас да сяброўства з Богам. Тамаш Кемпійскі добра раіць кожнаму з нас: “Хто ахінае любоўю Езуса, умацоўвае сябе навечна. Яго любі, Яго абяры сябрам. Калі ўсе цябе пакінуць, Ён застанецца з табою і ўрэшце не дасць загінуць”. Марыя, наша Маці, таксама паклапоціцца пра нас, каб ніхто ў гэтым жыцці не згубіўся.
   
    Перажываючы 25-годдзе дыяцэзіі і Год міласэрнасці, мы становімся ўдзельнікамі вялікіх падзей. Няхай Найсвяцейшая Маці заўсёды трымае нас пры сабе і дапамагае знайсці дарогу да Хрыста. З Марыяй мы крочым праз жыццё, памятаючы пра сваю душу, пра яе збаўленне. Быць побач з Маці Божай і разам з Ёй пераймаць Хрыста – найлепшы шлях да збаўлення, дарога ў дом Нябеснага Айца.