Мы ў Валадарстве Езуса

Слова рэдактара

 Праз некалькі дзён мы будзем перажываць урачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Гэта будзе апошняя нядзеля літургічнага года, пасля якой мы распачнём перыяд Адвэнту, які будзе таксама пачаткам Года міласэрнасці. Многае перад намі, але найперш варта прыгадаць сабе, што Езус валадарыць у нашых сэрцах, з’яўляецца Валадаром нашага жыцця, усяго, што з намі звязана і Богам пабласлаўлена.
    Валадарства Езуса не з гэтага свету, яно вечнае. Пан Езус сам кажа пра гэта: “Валадарства Маё не з гэтага свету” (Ян 18, 36). Гэта дэкларацыя Езуса аб пазазямным яго характары. Як хрысціяне мы належым Хрысту і Яго Валадарству. Часта ў малітве Панскай мы прамаўляем словы: “Прыйдзі Валадарства Тваё”. Але ці ўсведамляем мы, пра якое Валадарства тут гаворыцца? Тэарэтычна мы ведаем, што гаворка ідзе пра Валадарства не з гэтага свету, якое характарызуецца духоўнымі вартасцямі. Але на практыцы – як жа часта – не хочам пра гэта думаць. Мы забываемся аб тым, што Езус атрымаў як Цар не дыядэму і пурпурную мантыю, а іншыя знакі ўлады. Забываемся, што Ён змагаўся за сваё Валадарства, але не ў мінучым сэнсе. Гэта своеасаблівы парадокс, які Хрыстос прыгадвае нам сёння: Яго Валадарства не з гэтага свету. Мы назіраем вялікую зацікаўленасць тысяч людзей справамі ўлады. Лепш за ўсё гэта бачна падчас выбараў. Чалавек заўсёды хацеў бы быць правіцелем, які дае распараджэнні. Езус як Цар інакш выконвае сваю паслугу, маючы на мэце дабро для кожнага чалавека.
Як мы павінны ганарыцца тым, што належым Хрысту. Як павінны цешыцца і дзякаваць добраму Богу за ласку веры, атрыманую на святым хросце, за тое, што з’яўляемся Яго дзецьмі. Як жа моцна мы павінны быць зацікаўлены ў тым, каб мець імя добрага хрысціяніна. Гэтае добрае імя мы павінны захаваць. І як у сям’і ўсе любяць адзін аднаго і дапамагаюць адзін аднаму, так і ў вялікай Божай сям’і мы павінны шанаваць адзін аднаго і дапамагаць адзін аднаму. Усе – усім, а асабліва малодшым, слабейшым і тым, каму больш неабходна дапамога.
    Езус становіцца спецыяльным Божым пасланнікам. Гэта дзякуючы Яму людзі ўсіх часоў могуць атрымаць незвычайную, абсалютна небывалую ласку – могуць чуць самога Бога і мець доступ да “нябесных спраў”. Так кожны з нас можа пазнаць, якая цудоўная Божая праграма, што датычыцца жыцця кожнага з нас. Хрыстос сваім жыцём пацвярджае, што “валадарыць” – значыць годна і шчыра служыць. Можна на чарговы Адвэнт ці нават больш, на цэлы юбілейны Год міласэрнасці ўзяць гэтыя словы ў якасці дэвіза свайго жыцця. Сёння вельмі патрэбны такія людзі, якія будуць сваімі ўчынкамі ўказваць тут, на зямлі, Валадарства Езуса. Варта жыць у праўдзе і слухацца голасу Хрыста. Трэба ўмець схіліцца, сагнуць калені, укленчыць і памыць камусьці ногі. Каб добра жыць, цешыцца радасцю кожнага перажытага дня, неабходна абраць Хрыста сваім Валадаром.
   
    Гляньма на сябе. Дзякуючы Пану Езусу кожны з нас з’яўляецца царом. Аднак, каб быць добрым царом і добра валадарыць, трэба па-сапраўднаму служыць іншым.