Якой павінна быць сям’я

Слова рэдактара

 На пытанне, якой павінна быць сённяшняя сям’я, усё цяжэй знайсці адказ. Давайце паспрабуем задумацца, чаму так? Чаму на адно з фундаментальных пытанняў нашага жыцця ў сучасных рэаліях цяжка правільна адказаць? Хтосьці думае, што сям’я перш за ўсё павінна быць любячай, але ў сённяшнім свеце варта спытацца, што гэта за любоў і паміж кім. Альбо, можа, хтосьці скажа, што сям’я здаўна была і павінна быць шчаслівай, але як мы сёння разумеем шчасце, бо сям’я сёння – гэта не толькі родны дом, у які хочацца вяртацца, цяпер такой фармулёўкі ўжо замала. А хтосьці дадасць яшчэ шмат прыметнікаў, хаця б: клапатлівая, апякунчая, талерантная, вытрыманая і, перш за ўсё, сямейная.
    Чаму сёння так складана знайсці адказ на, здавалася б, вельмі простае жыццёвае пытанне? Адказ я пачуў у аднаго з амерыканскіх кардыналаў, які прысутнічае на Сінодзе Біскупаў. Ён сказаў пра сучасны свет так: “Апаноўваючы прыроду з мэтай развіцця, мы, лю-дзі, атруцілі нашы акіяны і паветра, якім дыхаем. Мы атруцілі кантрацэпцыяй чалавечы арганізм. Мы страцілі разуменне сексуальнасці. У імя самарэалізацыі мы заняліся будаўніцтвам новай Вавілонскай вежы тыраніі, якая падкармлівае нашы жаданні, але прымушае да смерці галадаць нашу душу”. Менавіта такім становіцца наш свет, у якім жывём мы, жывуць нашыя сем’і.
Я не сумняваюся, што правільны адказ на гэтае пытанне дасць нам чарговы Сінод у Рыме на тэму сям’і. З вуснаў папы Францішка мы пачуем, якой сёння павінна быць сям’я. Пачуем таксама, што Касцёл можа зрабіць для кожнай сям’і, якім чынам ён будзе далей ёй спадарожнічаць.
    Некалькі дзён таму я быў сведкам казання аднаго ксяндза на тэму сям’і. Цікава тое, што адрасатамі былі дзеці. Гамілія не заняла шмат часу, але мы пачулі мноства простых адказаў ад дзяцей. Святар спытаў у маленькіх вернікаў, што такое сям’я і як яны яе разумеюць. Мы пачулі адназначны адказ, што сям’я – гэта тата, мама і дзіця. Затым святар спытаўся, колькі дзяцей павінна быць у сям’і, на што прагучалі розныя адказы. Адзін, два, тры... Кожнае дзіця казала пра сваю сям’ю, пра тое, як ёсць у іх родным доме. Пазней, на знак супакою, святар прапанаваў дзецям падысці да сваіх бацькоў і перадаць ім знак супакою. Усе заўважылі атмасферу радасці і шчасця сярод блізкіх адзін аднаму людзей. Як жа важна сёння, каб нашы сем’і былі здаровымі, прытым як духоўна, маральна, так і фізічна, і псіхічна. Няхай “аповесць” сямейнага жыцця будзе вернай Евангеллю па прыкладзе Святой Сям’і з Назарэта, па прыкладзе тых сем’яў, якія жывуць згодна з Евангеллем.
   
    Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у Рыме так сказаў: “Я хацеў бы выехаць з Сінода з перакананнем, што дзякуючы малітве і нашым дзеянням сучасная сям’я пераможа розныя крызісы і будзе надзеяй для ўсяго свету”. Варта маліцца за нашыя сем’і, каб яны былі моцныя Богам і заставаліся надзеяй для ўсяго свету. Такія сем’і неабходны сучаснаму грамадству. І варта дадаць, што сёння менавіта такіх сем’яў вельмі шмат.