З ружанцам абараняць сям’ю

Слова рэдактара

 Ад 5 да 19 кастрычніка адбудзецца III Пазачарговая агульная сесія Сінода Біскупаў, якая будзе прысвечана сям’і ў кантэксце евангелізацыі. У гэтыя дні позіркі ўсіх католікаў будуць асаблівым чынам скіраваны ў напрамку Ватыкана. Мы спадзяёмся і верым, што Святы Дух асвеціць сэрцы ўсіх сабраных на сінодзе, каб сваімі разважаннямі яны ахапілі шырокі спектр праблем, звязаных з функцыянаваннем сучаснай сям’і, асабліва ў кантэксце яе паклікання і місіі ў Касцёле і ў свеце. Варта таксама кожнаму з нас далучыцца да гэтай справы праз ружанцовую малітву ў інтэнцыі сем’яў, а таксама клопат пра добрае і згоднае з Евангеллем уласнае сямейнае жыццё ў нашых дамах. Варта ўзяць ружанец у рукі, каб кожнае “Вітай, Марыя” ахвяраваць за святасць нашых сем’яў.
    Малады Касцёл у Беларусі павінен “паста-віць” на развіццё сямей і іх духоўную апеку. Менавіта праз супрацоўніцтва сям’і з Касцёлам і дзяржавай мы паклапоцімся аб добрай будучыні нашага Касцёла і ўсёй краіны. Кветкай жыцця Касцёла могуць стаць сем’і, якія на першае месца ставяць хрысціянскія каштоўнасці, любоў да Бога і адзін да аднаго.
Аб гэтым прыгадаў таксама папа Францішак падчас свайго візіту ў Філадэльфію: “Для Касцёла сям’я – гэта, перш за ўсё, не нагода для страхаў, а хутчэй радаснае пацвярджэнне Божага бласлаўлення для справы стварэння. Кожны дзень ва ўсім свеце Касцёл можа цешыцца Божым дарам такога мноства сем’яў, якія нават сярод цяжкіх выпрабаванняў застаюцца вернымі сваім абяцанням і захоўваюць веру!”.
    Жыццё сям’і напэўна будзе ўданым і пабласлаўлёным тады, калі яе члены паспрабуюць разам стаць на калені, каб памаліцца. У кастрычніку гэты просты ружанцовы жэст зробіць сямейнае жыццё больш шчаслівым, а сужэнцаў, бацькоў і дзяцей навучыць цешыцца жыццём. Сёння можна сустрэць усё больш сем’яў, якія спрабуюць даручыць сваё жыццё Богу і не расчароўваюцца. Нягледзячы на розныя надзённыя цяжкасці, духоўны фундамент такіх сем’яў моцны і пабласлаўлёны Богам. Вельмі добра сказаў Папа падчас св. Імшы на заканчэнне VIII Сусветнай сустрэчы сем’яў у Філадэльфіі 27 верасня бягучага года: “Кожны, хто хоча ўвесці ў гэты свет сям’ю, якая вучыць дзяцей натхняцца кожным жэстам, што імкнецца да перамогі над злом, сям’ю, якая паказвае, што Дух Святы жыве і дзейнічае, – атрымае нашу ўдзячнасць і наша прызнанне. Незалежна ад таго, якая гэта сям’я, народ, рэгіён ці рэлігійная прыналежнасць!”.
    Біскупы, Касцёл, абараняйце сям’ю! Няхай кожны з нас з ружанцам у руцэ абараняе нашыя сем’і, хрысціянскія каштоўнасці, якія павінны быць упісаны ў сямейнае жыццё. Няхай па прыкладзе Святой Сям’і з Назарэта будуць асвечаны сем’і ў Беларусі, а праз сем’і таксама Касцёл.