Загаловак майго чарговага разважання добра нам вядомы. Гэта фрагмент разважання Паслання святога Якуба: “Якая карысць, браты мае, калі нехта кажа, што мае веру, а ўчынкаў не мае?” (Як 2, 14). Мы добра разумеем сэнс гэтага пытання і стараемся штосьці змяніць у сваім рэлігійным жыцці, каб наша вера была жывой. Святы Якуб звяртае ўвагу на факт, што добрыя ўчынкі, згодныя з навучаннем Хрыста, з’яўляюцца абавязковай умовай для збаўлення.
Што такое вера? Веруючы чалавек адкажа, што вера – гэта жыццё, гэта ўвесь чалавек: са сваім жыццём, праблемамі, пос- пехамі, Божым блаславеннем і пакліканнем да жыцця з Богам. І хоць працягваецца перыяд канікул, і многія з нас прагнуць знайсці сабе месца для адпачынку, мы ўсведамляем, што адпачынку ад Бога няма. Чалавек, які жыве з верай, ніколі не стоміцца Богам. Прыкладам могуць паслужыць чарговыя ўрачыстасці, на якіх нас вельмі шмат, або звычайная нядзеля, падчас якой вялікая колькасць вернікаў збіраецца ў парафіяльных касцёлах сваіх гарадоў і вёсак.
Варта ў гэтым актыўным рэлігійным жыцці ў Беларусі ўспомніць таксама пра пілігрымкі. Пілігрымкі ў Будслаў і Тракелі, Навагрудак і Рось, Навумавічы і Вільню. Некаторыя ўжо адбыліся, і вялікая колькасць веруючых людзей прыняла ў іх удзел, а тыя, якія яшчэ наперадзе, бясспрэчна збяруць многіх з нас. †