Шлях да добрага жыцця

Слова рэдактара

 Мы нястомна шукаем шляхі да лепшага жыцця. Але, на жаль, нават настроены на жыццёвую мэту GPS не аднойчы нас падво-дзіць, а ў картах нашага жыцця мы часта можам заблукаць. Многія з нас шмат разоў задумваліся над пытаннем: кудою вядуць дарогі да добрага жыцця? Чалавек заўсёды шукае розныя аргументы, каб зразумець сваё жыццё. Некаторыя кажуць, што мудрае жыццё з’яўляецца адначасова добрым, але добрае жыццё не абавязкова аказваецца мудрым. Яшчэ нікому не ўдавалася падлічыць, колькі існуе спосабаў для добрага жыцця, але бясспрэчна тое, што спосабаў жыць мудра яшчэ менш. Добрае і мудрае жыццё – гэта жыццё з Богам. Але як сярод нашай штодзённасці мы можам адшукаць шлях да жыцця з Богам?
    У чэрвені ўвесь Касцёл звяртаецца ў малітоўным павеве да Сэрца Езуса. У чэрвеньскіх малітвах мы, хіба, не адзін раз будзем прасіць аб тым, каб і нашае сэрца было падобным на Яго Сэрца. Менавіта гэты, найлепшы прыклад Сэрца, становіцца для нас падказкай, як можна добра і мудра жыць тут, на зямлі.
У Старым Запавеце тэрмін “сэрца” часцей за ўсё ўжываецца ў пераносным значэнні і мае тэалагічны сэнс. Яно выражае цэнтр духоўнага жыцця і найбольшую глыбіню чалавека. Гэта тое месца, дзе Бог сустракаецца з чалавекам, і ад гэтай сустрэчы залежыць вельмі многае. Сэрца можа стаць рассаднікам добрага жыцця, рассаднікам пачуццяў, думак і волі. Сэрца Езуса становіцца людскім скарбам на зямлі. Давайце прыгадаем адно з абяцанняў Хрыста, дадзенае св. Маргарыце: у Сэрцы Езуса “знойдуць яны ўсякую дапамогу, патрэбную ў іх стане...”. Пан Езус пабуджае кожнага з нас шанаваць і любіць Яго Божае Сэрца. Сучаснасць прыносіць нам мноства “сардэчных” хвароб. Самая небяспечная з іх – тая, што не дазваляе нам сустрэцца з Богам. Грэх і ўздзеянне д’ябла пагражаюць сэрцу кожнага з нас. Таму варта адкрыцца на Бога, каб ужо тут, на зямлі, нашае жыццё было мудрым і добрым, каб яно было бласлаўлёна Богам.
    На надыходзячы перыяд канікул для дзяцей і моладзі, а таксама водпускаў для дарослых хацелася б пажадаць Вам, дарагія Чытачы, не забывацца пра тое, што ў сэрцы чалавека Бог можа прысутнічаць заўсёды. А чалавек з такім сэрцам заўсёды будзе мець добрае і мудрае жыццё.