Марыйны акцэнт нашага жыцця

Слова рэдактара

 Перад абліччам уваскрослага Хрыста мы зноў вяртаемся пад дрэва Крыжа. Прыгадаем сабе вельмі важныя словы, сказаныя самім Хрыстом, словы, скіраваныя да Маці і любімага вучня: “Жанчына, вось сын Твой. (...) Вось Маці твая” (Ян 19, 26–27). Атрымаўшы прывілей ад Бога быць Маці Збаўцы, Марыя становіцца таксама Маці кожнага з нас. Наказ Езуса з крыжа мае вялікае значэнне перш за ўсё для кожнага з нас, для Касцёла, для цэлага чалавецтва. Марыя становіцца нашай Мамай. Ушаноўваючы Маці, мы ўшаноўваем Хрыста. Збіраючыся на маёвых набажэнствах, мы запрошаны прыняць запаветныя словы Хрыста. Вызнаючы сваю веру, мы становімся дзецьмі Марыі.
    У маі мноства дарог вядзе да Марыі. Марыйны культ вельмі жывы на нашых тэрыторыях. Збіраючыся ў сваіх святынях і каля крыжаў, мы праслаўляем Марыю, аддаючы пашану Богу. Айцец Піо пісаў: “Маці Езуса і наша няхай выпрасіць у свайго Сына тую ласку, каб усё тваё жыццё складвалася па-божаму, каб нічога, ніводная рэч гэтага подлага свету не магла адарваць цябе ад Яго. Няхай Яна выпрасіць таксама тое, каб ты жыў у сяброўскай любові з Езусам”. Марыйны акцэнт нашага жыцця прыводзіць нас да блізкіх адносін з Богам.

    Марыя становіцца нашай Пасярэдніцай перад Богам ва ўсіх справах. Маёвыя набажэнствы, прысвечаныя Найсвяцейшай Панне Марыі, становяцца выключнай нагодай, каб праз малітву, песні, праз асабістую размову даручыць Маці Божай свае справы, паказаць свае праблемы і нават ускласці да Яе ног усё сваё жыццё. Маці Божая ніколі не застаецца глухой да просьбаў сваіх дзяцей. Яна заўсёды выслухоўвае іх, каб праз сваё заступніцтва і апеку вымаліць у Хрыста ласку літасці і прадухілення нядолі. “Шчаслівы той, хто прыйдзе да Маці”, – сцвярджаюць словы цудоўнай марыйнай песні. Каля прыдарожнага крыжа ці капліцы не трэба ўзнёслых прамоў вучоных, каб закрануць Яе сэрца.
   
    Май становіцца месяцам праслаўлення Марыі. На працягу гэтага часу ў нас будзе мноства нагод, каб зрабіць і сваё сэрца такім месцам хвалы для Маці Божай. Дык давайце ж прымаць удзел у цудоўных маёвых набажэнствах.