Сорак дзён Вялікага посту дапамагаюць нам зразумець, наколькі моцна Бог любіць сваё стварэнне. Крыж становіцца бачным знакам гэтай жа любові. Падчас Вялікага посту можна заўважыць вялікі дар набожнасці нашых людзей, які дазваляе захаваць надзею, што дзякуючы Богу і Яго Провіду ўсё, нават тое, што здаецца неверагодным, зменіцца на лепшае. Гэты дар дазваляе многім з нас падчас велікапоснага перыяду трываць пры крыжы, дзякуючы Богу. Чалавек павінен таксама сталець у адданасці Богу, давяраючы Яму ўсё глыбейшыя прасторы свайго сэрца. Пастава ўдзячнасці пры крыжы вучыць таксама даверу. Варта даверыцца Богу, пераадольваючы ўсе цяжкасці і “цемру” сённяшняга часу.
Блізкасць любові Бога вядзе за сабой адкрыццё людскога граху, унутранай заганы і бруду, што ставіць чалавека перад абліччам Бога ў пакоры. Грэх выклікае пакуты, а Божая любоў з’яўляецца лякарствам, якое лечыць сэрцы. Гледзячы на крыж, мы павінны ўвесь час прыгадваць сабе, што гэта дрэва жыцця, а не смерці, ласкі, а не граху. Менавіта дзякуючы крыжу здзяйсняюцца вялікія справы любові Хрыста да чалавека. †