Касцёл – гэта шэдэўр Святога Духа

Слова рэдактара

 У чарговы раз словы папы Францішка пабу­дзілі мяне да на­пісання рэдактарскай рубрыкі, і адначасова, я спадзяюся, яны пабудзяць Вас, дарагія Чытачы, да чарговага роздуму і натхнення. Падчас свайго навучання Папа ўзгадаў фрагмент Кнігі Эзэхіэля: вобраз касцей, якія пасля подыху прарока становяцца сапраўдным целам, поўным жыцця. Як адзначыў Папа, гэта і ёсць сімвал Касцёла, шэдэўр Святога Духа, які дае новае жыццё вернікам і стварае з іх мноства людзей, гатовых служыць адзін аднаму. “Вось такім з’яўляецца Касцёл! Гэта шэдэўр, шэдэўр Духа, які вылівае на кожнага чалавека новае жыццё Уваскроскалага і ставіць аднаго побач з другім, аднаго на службу і ў падтрымку іншаму, утвараючы такім чынам з усіх нас заснаванае на еднасці і любові адно цела,” – сказаў Папа. Задача кожнага хры­сці­яніна заключаецца ў будаванні Касцёла. Месцам пабудовы выключнай святыні з’яўляюцца, перш за ўсё, нашыя сэрцы, бо Прыгажосць жыве ў сэрцы чалавека. Нічога важнага не адбываецца без удзелу нашага сэрца. Не трэба быць прыгожым ці фізічна дасканалым, каб, напрыклад, дапамагчы чалавеку. Трэба мець вялікае і “здаровае” сэрца, якое дзякуючы Богу пульсуе, а без Яго пакутуе ад шматлікіх “хвароб” сучаснасці. Тады сэрца перастае біцца, а вера перастае існаваць. Бог дае чалавеку Касцёл, які заўсёды вылечыць нашае сэрца.
У Касцёле мы сустракаем мноства розных людзей. Адны шукаюць Бога і цешацца ад сустрэчы са сваім Стварыцелем, а іншыя проста фізічна прысутнічаюць у гэтым асаблівым месцы. Не ўсе ведаюць пра тое, што сапраўднае аблічча Касцёла можна разглядзець у святых людзях. Прыходзячы ў святыню, вельмі часта многія з нас знаходзяць сваё месца, да якога хутка прызвычайваюцца, і на жаль, на гэтым заканчваецца наша духоўная вандроўка. Але варта задумацца, ці ёсць ва ўсім гэтым наша месца перад Богам? Ці пульсуе нашае сэрца ў рытме самога Бога, у рытме, які нам перадае Касцёл? Нашая нявернасць, нашыя слабасці з’яўляюцца рэзультатам фальшывага месца ў Касцёле, да якога мы проста прызвычаіліся і нічога больш. Варта над гэтым засяродзіцца і прыняць запрашэнне Хрыста да навяртання, як, напрыклад, яго прыняў св. Павел ці іншыя святыя, каб, змяняючы сваё жыццё, быць лепшым кожны дзень. Бо з нашай святасцю ўзрастае святасць Касцёла. А ідучы за думкай папы Францішка, да гэтага шэдэўра належыць таксама кожны з нас. Касцёл становіцца чарговым доказам таго, што мы створаны на вобраз і падабенства Божае. Хрысціянін павінен няспынна дзякаваць за тое, што існуе Касцёл. У найважнейшых момантах нашага жыцця, напр. хрост, сужэнства, споведзь і г.д., мы знаходзімся менавіта ў Касцёле. Калі нас нешта непакоіць, многія карыстаюцца праверанай формулай жыцця “калі трывога, то да Бога”. Калі мы перажываем радасць, мы дзякуем Богу за чарговыя ласкі, разумеючы, што без Яго не было б гэтага шчасця. Кожнаму з нас трэба неаднойчы прыгадваць праўду, звязаную са святым хростам. У момант хросту кожны ахрышчаны чалавек становіцца членам Цела Хрыста, перажываючы сапраўднае новае нараджэнне.
    Будзь гэта Касцёл часоў св. Паўла, калі супольнасці хрысціян перажываюць цяжкасці, звязаныя з падзеламі ці рознымі непаразуменнямі, ці Касцёл нашага часу, калі мы таксама перажываем розныя праблемы і розны вопыт, гэта той самы Касцёл, шэдэўр Святога Духа, да якога мы належым, які любім і ў якім адчуваем сябе добра. Святы Юзаф, заступнік Касцёла нашых часоў, маліся за нас!