Таямніца могілак

Слова рэдактара

 У чарговы раз я пры­гад­ваю гісто­рыю аб мала­дым пробашчы, які, прыйшоўшы ў парафію, на працягу некалькіх тыдняў прамаўляў тое самае нядзельнае казанне. Толькі пасля некалькіх такіх нядзельных гамілій пэўная старэйшая асоба адважылася падысці да ксяндза з пытаннем: “А чаму вы нам гаворыце ўвесь час тое самае казанне? Ці вы думаеце, што мы не заўважаем?”. На што малады пробашч адказаў: “Калі вы не хочаце пасля майго казання змяніць сваё жыццё, дык чаму я павінен змяняць казанне?”.
    А можа, наведаўшы могілкі, мы зменім сваё жыццё?
    Варта схадзіць на могілкі, каб хаця б на хвіліну змяніць сваё жыццё, чуючы менавіта ў гэтым месцы асаблівае казанне тых, хто ўжо адышоў па вечную ўзнагароду ў неба. Я яшчэ не сустракаў такога чалавека, які, наведаўшы месца памерлых, застаўся б без эмоцый ці ўзрушанасці. Гэтае месца ўражвае кожнага з нас, уражвае ажно да глыбіні душы. Вось такая яна – таямніца могілак. Успамінаючы нашых памерлых, мы таксама думаем аб сваім жыцці. Перш за ўсё аб тым, што зямное жыццё мінае, што кожны з нас таксама знойдзе сваё месца на могілках. Але хрысціянін жыве не для могілак ці пахавання. Хрысціянін з’яўляецца грамадзянінам неба.
Словам “неба” хрысціянская традыцыя акрэслівае канчатковае дапаўненне чалавечага жыцця здзейсненай любоўю, да якой нас накіроўвае вера. У сваім зямным жыцці мы павінны жыць так, каб адчуваючы смак жыцця тут, адчуць таксама смак неба. Варта заслужыць неба, прыгадваючы словы Пана Езуса: “Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі” (Ян 11, 25–26).
    Езус прыйшоў на зямлю, каб збавіць нас з няволі граху і абвясціць Божае Валадарства – валадарства, якое не ведае дзяржаўных межаў, не абмяжоўваецца ні палітычнымі, ні якімі-небудзь матэрыяльнымі катэгорыямі. Усё чаканне Касцёла абапіраецца на абяцанні Езуса: “У доме Айца Майго шмат святліц. Я іду падрыхтаваць месца для вас, а потым прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я” (параўн.: Ян 14, 2–3). Дзякуючы Збавіцелю кожны веруючы чалавек ужо тут, на зямлі, мае сваю “бацькаўшчыну ў небе”. Кожны з нас ужо запісаны ў спіс грамадзян Нябеснага Валадарства, а неба становіцца асаблівым домам, у якім можна далучыцца да Бога. Бог не хоча чыйгосьці асуджэння, бо Ён – Любоў, таму Ён прагне навечна зрабіць шчаслівым кожнага чалавека. У доме нябеснага Айца мы сустрэнемся не толькі з Ім і з Яго Сынам, але і з Найсвяцейшай Маці, з анёламі і цэлай сям’ёй святых. Усе збаўленыя стануць адной супольнасцю, аб’яднанай узаемнай любоўю.
    Адзін мой знаёмы ксёндз асабліва ў актаву Усіх Памерлых любіць хадзіць на шпацыр менавіта на могілкі. Хтосьці можа падумаць, што для прагулак існуюць лепшыя месцы, але менавіта клімат гэтага месца прапануе чалавеку задумацца над тым, што ў яго сэрцы ёсць адлюстраванне жывога Бога. Можа, нам таксама варта пашпацыраваць менавіта па могілках, каб аздобіць душы нашых памерлых блізкіх малітвай, любоўю, дабрынёй, добрым словам... Мы можам падтрымліваць нашых памерлых і прымаць іх дапамогу. Наш візіт на могілкі – калі ён не абмежаваны забавай у запальванне лампад і складанне кветак – можа яшчэ нечаму нас навучыць.