Шчаслівыя сем’і, якія любяць Бога

Слова рэдактара

 З 5 кастрычніка ў Рыме адбываецца Сінод Біс­купаў на тэму сям’і. Кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч вырушыў з Мінска ў Рым, каб, прымаючы ўдзел у нарадах Сінода, расказаць пра сем’і, што жывуць у Беларусі. Больш за 200 іерархаў, розных экспертаў і гасцей Сінода на працягу некалькіх тыдняў будуць абмяркоўваць новыя выклікі і праблемы, з якімі сустракаецца сям’я ў сучасным свеце.
    Падчас сваёй гаміліі на распачацце Сінода папа Францішак заахвоціў удзельнікаў клапаціцца аб сем’ях і дадаў: “Мы ўсе грэшнікі, таму мы з міласэрнасцю павінны пады­ходзіць да праблем сучаснай сям’і”.
    Яшчэ да пачатку Сінода Канферэнцыі Біскупаў асобных краін даслалі ў Рым адказы на тэму жыцця сучаснай сям’і і праблем, якія яе закранаюць. Адказы ў дадзенай анкеце, як адзначае абп Кандрусевіч, паказваюць, што многія сем’і не жывуць паводле правіл Евангелля і навучання Касцёла. Таму Сінод павінен дапамагчы сучаснай сям’і, якая змагаецца з рознымі перашкодамі. Сям’я сёння, як адзначае Мітрапаліт, перажывае крызіс, а таму варта больш кіравацца ідэяй Божай міласэрнасці, але і не забывацца выконваць Божыя запаведзі.
Сям’я – гэта людзі, бо менавіта яны ствараюць супольнасць жыцця і любові. Мужчына і жанчына маюць адвагу разам выйсці насустрач як радаснаму, так і цяжкаму і балючаму. Варта на асобных этапах жыцця сям’і прымаць штодзённыя выклікі ў згодзе адзін з адным і з тым, чаго ад нас чакае Бог. Сем’і, якія любяць Бога, шчаслівыя. Менавіта ў такіх супольнасцях сямейныя каштоўнасці знаходзяцца на першым месцы. У дыялогу з Богам і бліжнімі не будзем доўга засяроджвацца на тэму вольных саюзаў ці жыцця “на спробу” і іншых “рэцэптаў”, якія сучаснае грамадства падкідвае сямейнаму чалавеку і якія не згаджаюцца з задумкай Стварыцеля.
    Нам патрэбна ўсё больш маладых людзей, якія пакажуць сённяшняму свету прыгажосць і каштоўнасць сям’і. Касцёл сёння ўсё часцей прыгадвае аб хрысціянскім абліччы сучаснай сям’і, да якога варта імкнуцца. У душпастарскай працы ў Беларусі можна заўважыць усё больш прыкладаў менавіта такога аблічча сямейнага жыцця, дзе Бог займае асаблівае месца, дзе заўсёды пануюць любоў і згода. Сем’і ў Беларусі нанова адкрываюць хрысціянскае выхаванне, стараючыся зразумець, што менавіта яно вядзе да Бога. Трэба асабліва на нашых тэрыторыях яшчэ больш паклапаціцца аб такім выхаванні для дзяцей і старэйшых. Перадача веры і хрысціянскае прысвячэнне адбываюцца ў першую чаргу праз сведчанне жыцця бацькоў, а таму сучасныя бацькі павінны быць падрыхтаваны да сямейнага жыцця і выхавання дзяцей. Варта даверыцца Богу і прыняць Яго канцэпцыю сям’і, якая сцвярджае, што прыязнасць, любоў і ўзаемапавага важнейшыя за свабоду, пацеху і сваё бачанне сям’і. Гэта Бог, а не чалавек вырашае, што з’яўляецца сужэнствам і сямейным жыццём.
    Давайце памолімся за нашыя сем’і, за Сінод Біскупаў на тэму сям’і, а таксама за тое, каб нашыя сем’і былі моцныя Богам. Беларусь становіцца краінай хрысціянскай сям’і, якой належыць будучыня.