Праз заступніцтва Яна Паўла II

Слова рэдактара

 Праз заступніцтва Яна Паўла II юрыстка з Коста-Рыкі Флорыбэт Мора Дыяз пасля прагляду тэлетрансляцыі з беатыфікацыі Яна Паўла II адчула сябе значна лепш, а галаўны боль ужо не дакучаў ёй. Урач, які раней паставіў ёй дыягназ рак аўнерызма мозга, не мог паверыць і прамовіць слова. 5 ліпеня 2013 года выйшаў дэкрэт папы Францішка аб прызнанні цуду.
    Праз заступніцтва Яна Паўла II блізкі яго супрацоўнік кард. Франчэска Маркізана, адказны за базіліку св. Пятра, раскрыў падрабязнасці свайго цудоўнага аздараўлення. Гэты італьянскі кардынал пасябраваў з кс. б-пам Вайтылам у 1962 г. Пяць гадоў таму яму была праведзена сур’ёзная аперацыя на адной з галоўных шыйных артэрый, якая дастаўляе кроў у мозг. На жаль, з-за ўрачэбнай памылкі падчас аперацыі была паралізавана яго правая галасавая звязка. Ён размаўляў так ціха і невыразна, што яго немагчыма было зразумець. Аднойчы наведаць яго прыйшоў Святы Айцец. Дакранаючыся да хворага месца, ён сказаў: “Не бойся, паглядзіш, Бог нанова дасць табе голас. Я буду маліцца за цябе”. Хутка пасля гэтай сустрэчы кардынал Маркізана поўнасцю вылечыўся. І шмат іншых незлічоных цудаў адбылося дзякуючы вялікай любові да Бога Яна Паўла II.
Праз заступніцтва Яна Паўла II наша краіна атрымала мноства Божых ласкаў. Ужо пры жыцці Святы Айцец адраджае Касцёл на гэтай зямлі. Прызначае для паслугі першага біскупа, стварае Гродзенскую дыяцэзію і ўвесь час чувае, каб Касцёл у гэтай краіне азёр і лясоў адрадзіўся. Ён дапамагае кожнаму пілігрыму, які накіроўваецца з Гродна і іншых куткоў Беларусі ў Ватыкан, у Польшчу – туды дзе быў Папа з пілігрымкай – сваёй парадай, цёплым і простым словам і малітоўнай падтрымкай. Перадае сваё бласлаўленне ўсім, хто жыве на цудоўнай беларускай зямлі.
    Праз заступніцтва Яна Паўла II тысячы людзей на ўсёй зямлі маглі мець магчымасць змяніць сваё жыццё да лепшага. Бачачы прыклад яго жыцця, свет, які патрабаваў і патрабуе навяртання і адраджэння, мае ўсё гэта ад Бога праз яго паслугу. Папа незвычайным чынам быў звязаны з таямніцай Божай міласэрнасці. Сёння гэта яго адказ на заклік сучаснага свету, у якім страшэнным чынам пашыраецца эгаізм, абыякавасць і бяздушнасць. Ён як сведка Божай любові да чалавека ўказвае кожнаму з нас на адзін з матываў жыцця і надзеі чалавека – на Евангелле Жыцця.
    Праз заступніцтва Яна Паўла II яго пасланне і сёння можа быць дарагое і блізкае нам, упісваючыся ва ўсё нашае жыццё залатой ніццю ласкі. Праз сведчанне свайго жыцця мы можам паказваць свету, як неабходны сёння такія людзі, як святы Папа. На ўсіх кантынентах з глыбінь людскіх сэрцаў узносіцца заклік аб павазе да жыцця і годнасці чалавека. Ян Павел II неабходны, каб кожная несправядлівасць на свеце скончылася ў бляску праўды. Мы ўсім сваім жыццём і па-слугай можам сведчыць, што ў гэтым свеце ёсць любоў, мацнейшая за зло. Так, як гэта рабіў святы Ян Павел II.
    Заступніцтву Яна Паўла II мы аддаём Беларусь, увесь Касцёл, пастыраў і вернікаў.