Лабараторыя веры і жыцця

Слова рэдактара

Мы сустракаемся з Богам, які ў нас нічога не забірае, але ўсё дае: жыццё, любоў, радасць... Гэта багацце напоўненага Богам чала­вецтва.

   Беднае жыццё веруючага чалавека, які запрашае да сябе Хрыста толькі на святы ці на вялікія ўрачыстасці раз або два разы на год. Гледзячы на жыццё вернікаў, часам вельмі цяжка адказаць, у чым заключаецца ўдзел Езуса ў іх жыцці. Як сказаў папа Францішак падчас адной са сваіх нядзельных гамілій, гэта цяжкае пытанне, а той, хто ведае адказ, нібы выйграў дэрбі. Ужо амаль мінуў перыяд I Святых Камуній і канфірмацыі, скончыўся таксама чарговы катэхетычны год. Для многіх з нас гэта быў час, калі мы нанова запрасілі Езуса ў нашае жыццё: адны ўпершыню, а другія ў чарговы раз. Гэта, напэўна, прыгожыя, радасныя і поўныя энтузіязму хвіліны. Пасля такіх вельмі важных момантаў рэлігійнага жыцця нельга нават на нейкі час забывацца пра Езуса, паколькі гэта можа аказацца жыццёвым паражэннем многіх з нас. Трэба прыгадаць, што хрысціянства – гэта не прафесія, якую мы павінны выконваць толькі ў працоўныя гадзіны ці ў пэўную пару года, гэта паглыбленне ў любоў Стварыцеля са сваім стварэннем. Хоць Пан Езус не ставіць нам адзнак па нашай веры і не дадае нам за добры ўчынак 10 балаў, а за малітву яшчэ больш, можна смела сказаць, што там, дзе вера чалавека жывая, там і Хрыстос прысутнічае кожны дзень. Таму варта кожнаму з нас задумацца, якую ролю адыгрывае Хрыстос у нашым жыцці? На якім месцы Ён знаходзіцца?
Веруючы чалавек павінен разумець, а я ўпэўнены, што ў большасці выпадкаў так і ёсць, што Бог клапоціцца аб душы кожнага з нас не пасля нашай смерці, але, у першую чаргу, падчас нашага зямнога жыцця. Запрашаючы Хрыста, мы лепш бачым рэчаіснасць і сапраўднае жыццё. Мы сустракаемся з Богам, які ў нас нічога не забірае, але ўсё дае: жыццё, любоў, радасць... Гэта багацце напоўненага Богам чалавецтва. Менавіта такія людзі патрэбны сёння на нашай зямлі, да такога грамадства мы павінны імкнуцца ў нашай краіне.
    Не трэба забывацца пра тое, што Касцёл перажывае Год веры. Можа, варта прыгадаць сабе пачатак гэтага перыяду, калі мы давалі шмат абяцанняў. Адно бясспрэчна: прыкласці намаганні – гэта не праблема для нас, а таму варта прыкласці намаганні на карысць сустрэчы з Хрыстом. Чым часцей мы сустракаемся з Ім, тым больш мы становімся падобнымі да Яго. Тады спраўджваюцца словы прыказкі, якую падчас адной са сваіх пілігрымак прыгадаў бл. Ян Павел II: “З кім павядзешся, ад таго і набярэшся”.
    Сустрэча з Хрыстом – і малітоўная, і ў іншым чалавеку – перамяняе нашае жыццё, і менавіта тады яно становіцца вельмі каляровым і радасным. Як піша св. Павел да галатаў: “Усе вы сыны Божыя праз веру ў Езуса Хрыста” (Гал 3, 26). Мы становімся сынамі Хрыста праз ласку хросту і ўдзельнічаем у Яго быцці Сынам. Гэты наш удзел павінен быць актыўным. Гэта наша своеасаблівая “лабараторыя веры і жыцця”. Сустракаючыся з Хрыстом, кожны з нас змяняецца. Не трэба пытацца ў Пана Езуса, ці я ўжо дасягнуў святасці, але трэба моцна трымацца сваёй жывой веры, на рахунку якой у небе з’явіцца надпіс: “Сёння са мной будзеш у раі. Так трымаць”.
    Мы перажываем чарговы прыгожы малітоўны месяц – чэрвень, які адчыняе нашу рэлігійную ўражлівасць на Сэрца Пана Езуса. На працягу ўсяго месяца мы будзем гучна прасіць Бога, каб Ён “учыніў сэрцы нашыя да свайго падобнымі”. І для многіх з нас гэта можа быць тая нагода, каб зноў запрасіць Хрыста, каб стаць хрысціянінам на кожны дзень жыццёвай вандроўкі, якую Бог узбагачае сваёй ласкай.