Моц нашай малітвы

Слова рэдактара

Можа, большасць з нас не вывучала тэалогію, але ў сваім жыцці мы можам адчуць вялікую моц малітвы, Божую моц у адносінах да нас, і не выводзіць на адзін узровень магію, амулеты і малітву.

   Падчас сакраментальнага наведвання пэўнай старэйшай асобы, а пайшоў я паспавядаць і ўдзяліць сакрамант намашчэння хворых адной бабулі, зрэшты, вельмі пабожнай асобе, я пачуў вельмі дзіўнае сцвярджэнне, якое зусім мяне не здзівіла, хаця павінна было. Яна запыталася ў мяне, ці ведаю я ксяндзоў, якія працуюць у катэдры. Я адказаў, што, канешне ж, іх ведаю, і нават пералічыў усіх па імёнах. На што жанчына паведаміла мне, што чула пра нейкага ксяндза, які працуе ў катэдры і які, як яна сама сказала, “аздараўляе і лечыць”. Я спытаўся, якім чынам, і ў чым заключаецца гэтае аздараўленне. Яна патлумачыла, што ён нешта гаворыць, робіць і кладзе рукі на галаву. Я сказаў ёй, што ксёндз, кладучы рукі на галаву, моліцца за гэтую асобу, за яе жыццё і просіць Бога аб бласлаўленні на далейшыя гады, а таксама заахвочвае, каб гэтая асоба малілася разам з ім. На гэта я пачуў найважнейшыя словы гэтай жанчыны: “Як? Толькі моліцца? Толькі малітва і нічога больш?”
Чалавек, які нягледзячы на тое, што, бясспрэчна, сам вельмі шмат моліцца, не верыць у моц гэтай жа малітвы. Згодна з Бібліяй, моц малітвы датычыць, прасцей кажучы, моцы Бога, які чуе малітвы і адказвае на іх. Асоба, якая моліцца, павінна адчуваць гэтую Божую моц. Бо для Бога няма немагчымага (пар. Лк 1, 37). Я не быў здзіўлены тым, што гэтая асоба не верыць у моц малітвы, ці, інакш кажучы, не разумее вялізнай Божай моцы. Я да гэтага часу занепакоены, а зразумеў я гэта ўжо даўно, што такіх людзей у Беларусі вельмі шмат. Наш народ, які лёгка верыць у розныя формы забабонаў, магію і ў розныя спосабы “шаманства”, з усім гэтым багажом толькі ўскладняе сабе жыццё. Мы больш верым рознага тыпу амулетам, якія вісяць на нашай шыі ці стаяць у самым лепшым месцы ў пакоі.
    Здаецца, што сёння святары так шмат тлумачаць, расказваюць, прыводзяць прыклады на тэму аздараўлення праз малітву, на тэму Езуса і Яго Боскай моцы, які прыходзіць і здзяйсняе цуды. Але, відаць, не ўсе, а нават, можа, вялікая група людзей не разумее гэтага і хоча ўспрымаць усё толькі на фізічным узроўні. Можна пачуць, як людзі кажуць, што ў касцёл прыехаў нейкі лекар з Афрыкі і да т.п. Чалавек, які жыве ў Беларусі, верыць магіі, розным чарам, і гэта таксама пэўны “запавет савецкіх часоў”, калі не было святынь і не хапала святароў, калі чалавек не памятаў пра тое, што ён не толькі фізічны чалавек, але і духоўны, што ён можа стаць святыняй Святога Духа.
    Папа Францішак гаворыць у сваім вучэнні, што “ніякая магія ці таро не дадуць нам збаўлення, а толькі Езус Хрыстус, а да Яго нас вядуць Святы Дух і Марыя”.
    У падсумаванні гэтай нашай штодзённасці хочацца прыгадаць усім, што на першым месцы павінна быць малітва, малітва і толькі малітва. Кожны з нас можа выпрасіць шмат ласкаў падчас малітоўнай сустрэчы з Богам. Я заахвочваю Вас да гэтага асабліва падчас Тыдня малітваў за новыя святарскія і манаскія пакліканні, а таксама падчас марыйнага месяца мая. Тады малітва зробіць нас моцнымі і духоўна сталымі. І давайце памятаць, што толькі ў імені Езуса збаўленне чалавека. Можа, большасць з нас не вывучала тэалогію, але ў сваім жыцці мы можам адчуць вялікую моц малітвы, Божую моц у адносінах да нас, і не выводзіць на адзін узровень магію, амулеты і малітву. Праз малітву мы ўзрастаем у веры і яднаемся з усемагутным Богам. Таму мы павінны разлічваць на неверагодны эфект падчас малітвы, а не падчас магіі ці ўжывання амулетаў. Такой павінна быць канцэпцыя веруючага чалавека, жыццё якога можа быць напоўнена малітвай.