Уводзіць іншых у таямніцу веры

Слова рэдактара

Распачынаючы Год веры, Папа падкрэслівае, што ён звязаны з усім шляхам Касцёла, а значыць, з кожным з нас. Год веры – гэта шлях Касцёла і наш шлях.

   Кожны чалавек, як веруючы, так і няверуючы, адчувае сумненні веры – згадваў у сваіх працах шмат гадоў таму кс. праф. Юзаф Ратцынгер. А некалькі дзён таму гэты самы чалавек, толькі ўжо папа Бенедыкт XVI на распачацце Года веры ў сваёй гаміліі кіруе да нас зварот пад назвай: “Паўторнае паглыбленне ў хрысціянскую містэрыю”. Гэта шлях і таямніца новай евангелізацыі для ўсіх нас – веруючых і няверуючых. Кожны можа сустрэцца з Хрыстом, Бог любіць усіх, а менавіта жывая вера адчыняе сэрца на ласку Бога, як гаворыць сам Папа.
    Ужо не аднойчы ў сваіх разважаннях я падкрэсліваў і ўзгадваў, што наш народ жывы толькі дзякуючы веры, якая заўсёды была і надалей жыве ў сэрцы чалавека – аўтэнтычная, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. Дапаўненнем гэтых вялікіх спраў рэлігійнага жыцця нашага народа з’яўляецца пасланне чарговага года, а нават гадоў нашай, можа, звычайнай і простай веры, каб стаць сведкамі новага жыцця, якое Бог перамяняе, каб кожнаму ўказаць дарогу, якой мы павінны крочыць. Па гэтай дарозе разам з намі ідзе сам Хрыстос, таму што іншай магчымасці жыцця для хрысціяніна не можа быць.
Толькі там, дзе ёсць Хрыстос, ёсць і я. Так, як малое дзіця, якое заўсёды хоча быць толькі там, дзе знаходзяцца яго бацькі, бо з імі яно адчувае сябе бяспечна, або як дарослы чалавек часцей хоча быць з тым, каго любіць, бо менавіта тады ён найбольш шчаслівы, так і хрысціянін спакойны і шчаслівы толькі разам з Богам. У Год веры варта паразважаць над верай, якую мы, магчыма, замала цэнім, таму што гаворка ідзе не толькі пра гэты Год, але пра веру як такавую, якой мы прысвячаем бясспрэчна мала часу. Распачынаючы Год веры, Папа падкрэслівае, што ён звязаны з усім шляхам Касцёла, а значыць, з кожным з нас. Год веры – гэта шлях Касцёла і наш шлях.
    “Слова Жыцця” хоча дапамагчы сваім чытачам добра і па-сапраўднаму перажыць Год веры, а тым самым больш свядома вызнаваць сваю веру і адчуваць блізкасць Бога. Мы хочам усіх увесці ў таямніцу веры. Таму на старонках нашай газеты будуць друкавацца артыкулы на тэму веры і яе паглыблення. Каляндар на 2013 год, які традыцыйна дадаецца да “Слова” ў канцы года, будзе прысвечаны вызнаванню веры. Хочацца таксама прыблізіць дакументы II Ватыканскага Сабору і Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Прыгадаем сабе і Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. У Год веры мы распачалі новыя рубрыкі, такія як, напрыклад, “Хрысціянская думка”. У бліжэйшых нумарах з’явіцца рубрыка “Сведкі веры”. Многія аўтары нашай газеты рыхтуюць спецыяльную серыю катэхез на тэму веры, спосабаў яе перажывання і ўспрыняцця моладдзю і дзецьмі, старэйшымі і самотнымі людзьмі, сем’ямі і рознымі сацыяльнымі групамі.
    Трэба памятаць, што, каб Год веры быў для нас плённым, мы павінны ажыўляць і ўзмацняць сваю веру. Патрэбен асабісты ўдзел. Няхай заахвочванне св. апостала Паўла, якое ўзгадаў Папа на адкрыцці Года веры, будзе для нас святлом у духоўнай пілігрымцы нашай веры: “Хай шчодра прабывае ў вас слова Хрыста, каб з усёю мудрасцю адны адных навучалі і настаўлялі. [...] І ўсё, што робіце словам ці дзеяннем, усё ў імя Пана Езуса, дзякуючы праз Яго Богу Айцу” (Клс 3, 16-17). Таму, няхай Год веры будзе не выключнай справай Касцёла, а заклікам для кожнага хрысціяніна асобна.