Эстафета веры

Слова рэдактара

Не трэба баяцца ўзяць у рукі ружанцы, каб разам з Марыяй увайсці ў Год веры, каб Яна правяла нас праз жыццё. Гэта эстафета веры, якую нашае пакаленне прымае і перадае далей.

   Апошнім часам вельмі шмат можна пачуць і прачытаць аб розных разважаннях на тэму Года веры, які Папа хутка абвесціць. Я думаю, што кожны з нашых Чытачоў мог бы таксама шмат што сказаць на гэтую тэму. Бясспрэчна, мы ўсе ў чарговы раз задумаемся над тым, чым з’яўляецца вера. Я разумею, што немагчыма прадставіць адзін чорна-белы вобраз беларускай рэлігійнасці.
    Вера, якая акрэслівае ўсё нашае жыццё, кіруе нас да Хрыста і аддае Яму галоўнае месца ў людскім жыцці, дае нашаму жыццю моцны фундамент, на якім мы можам будаваць. Вера – гэта давер, апора на Бога, даручэнне сябе Яму. Будаванне на Богу вяртае жыццёвыя сілы, вучыць нас жыць верай, якую нам перадалі нашыя продкі.
    У такой краіне, як наша, мы можам назіраць разыходжанні паміж верай і практычным жыццём. Нельга лічыць праўдзівым перакананне, што можна быць веруючым, але не практыкуючым католікам. Давайце ўспомнім нашых дзядоў і прадзедаў. Яны ніколі так не думалі, і аб гэтым сведчаць іх учынкі.
Нягледзячы на закрытыя святыні і іншыя цяжкасці, звязаныя з вызнаваннем веры ў Бога ў тыя часы, яны не зачыняліся ў дамах, яны прагнулі, каб касцёлы былі месцам сустрэчы з Богам. Часта рызыкуючы ішлі ў касцёл, былі верныя запаведзям, прыступалі да сакрамантаў, а патрэба іх духу была вялікай. Таму нельга падзяляць веру і жыццё. Рэлігійныя абрады з’яўляюцца для кожнага з нас натуральным спосабам выражэння нашай веры. Не трэба баяцца ўзяць у рукі ружанцы, каб разам з Марыяй увайсці ў Год веры, каб Яна правяла нас праз жыццё. Гэта эстафета веры, якую нашае пакаленне прымае і перадае далей. Прыгожа казаў слуга Божы кард. Аўгуст Хлёнд: “Моцна стой пры веры айцоў”. Давайце максімальна рэалізуем праграмы нашай веры ў гэтым вялікім дары – годзе, прысвечаным веры.
    Год веры – гэта, напэўна, погляд Папы і Касцёла на сённяшні і заўтрашні дзень для кожнага з нас. Апостальская просьба жыве ў сэрцах многіх з нас: “Пане, павяліч нам веру”. Роздум над верай і спосабам яе перажывання на кожны дзень, а таксама станаўленне больш свядомым павінны быць нашым ладам жыцця, што дапаможа ажывіць нашую прывязанасць да Евангелля.
    Дзякуючы цудоўнай ініцыя­тыве нашых біскупаў вынікае, што гэты асаблівы Год будзе таксама вельмі плённа перажыты духоўна і на нашай зямлі. Такія духоўныя ініцыятывы ў нашых дыяцэзіях, як перэгрынацыя абраза Маці Божай Будслаўскай, рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, а таксама знаёмства з дакументамі II Ватыканскага Сабору і Катэхізіса Каталіцкага Касцёла павінны прабудзіць нас свядома вызнаваць сваю веру.
    У афіцыйным гімне на гэты Год ёсць словы: “Веру, Пане, павяліч нам веру”. Гэтыя словы могуць стаць штодзённым вызнаннем веры і просьбай да Бога аб бласлаўленні, без якога мы не ўяўляем свайго жыцця. Няхай сучасны свет у гэтым Годзе паспрабуе адкрыць новы шлях веры, каб дайсці да Евангелля.
    Няхай Год веры не будзе для нас толькі святам, але перш за ўсё часам, які мы выкарыстаем, каб навярнуцца да Езуса і адкрыць сваю веру.