Рэцэпт цуду або эфект неба

Слова рэдактара

Нумар 2 (318), 23 студзеня 2011 Колькі ёсць людзей, столькі ёсць розных просьбаў да Бога. Просьбы, якія выплываюць з нашых сэрцаў, нашыя клопаты, маленні і падзякі сведчаць пра тое, якім вялікім жаданнем у сэрцы чалавека з’яўляецца кантакт з Богам. Цікава, калі б правялі даследаванні на тэму самых папулярных просьбаў да Бога, то якая з іх была б на першым месцы? Я лічу, што просьба тыпу “я хачу змяніцца” апынулася б сярод дзесяці самых папулярных. І гэта натуральна, таму што чалавек заўжды жадаў і хоча быць лепшым і марыць аб тым, каб у ім адбылася перамена. У гэтым няма нічога злога. Аднак нашыя мары часта сутыкаюцца аб сцяну сумнення і адмовы: “Не здолею. Але ж гэта так цяжка, так патрабуе карпатлівай працы, што толькі цуд уратуе мяне”. А таму – рэцэпт цуду…
    Так як спартсмен шмат трэніруецца для дасягнення добрых вынікаў, так і ў духоўным жыцці, каб адчуць перамены, трэба шмат практыкавацца. Якія ж гэтыя духоўныя практыкаванні? Іх ёсць вельмі шмат і ў кожны перыяд нашага жыцця Касцёл гатовы дапамагчы нам. У Адвэнце – Рараты, у посце - Крыжовы шлях, у маі – літанія і шмат іншых практык, так важных перш за ўсё для нас. Ад нас патрэбна толькі добрая воля, як і мабілізацыя. Я думаю, што найгоршае становішча з нашай матывацыяй. Мы часта жадаем, каб у гэтую хвіліну ўсё неба абрынулася на нас і найлепш, каб без нашага ўдзелу.
А калі ўсё здзейсніць сам Бог, то наогул будзе раскошай. Часта псіхолагі падкрэсліваюць, што найлепшым спосабам на тое, каб чалавек меў матывацыю да дзейнасці з’яўляецца абуджэнне ў ім упэўненасці, што ён ужо наблізіўся да мэты. У духоўным жыцці я назваў бы гэта “эфектам неба”. Ад хвіліны хросту кожны з нас знаходзіцца на правільным шляху сустрэчы з Богам. Хрост упаўнаважвае нас да неба, дае нам магчымасць дайсці да намечанай мэты. З кожным днём – цераз прынятыя св. сакрамэнты і актыўнае ўключэнне ў жыццё Касцёла – мы набліжаемся да мэты, да спаткання з Богам твар у твар.Праблема чалавека асноўваецца на тым, што яму не хочацца штодзённа мець шырока адкрытыя вочы, каб заўважыць свае поспехі ў пілігрымцы да неба. Таму трэба часта адзін аднаму ўсведамляць, што мы знаходзімся на добрым шляху да Творцы, а Касцёл няспынна дапамагае нам у гэтым. Таму так важным з’яўляецца здзяйсненне ўдалых выбараў, ключом да якіх ёсць нашае чыстае сумленне.
    Давайце будзем шукаць неба ў сваім жыцці, так як гэта рабіў Божы слуга Ян Павел II, які ўжо хутка будзе беатыфікаваны, – а будзем шчаслівымі. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI ужо падпісаў дакумент, які пацвярджае цуд, дзякуючы заступніцтву папы Яна Паўла II. Мы добра ведаем яго жыццё, яго асобу, ведаем, што і пры жыцці ён зрабіў шмат цудаў. Ян Павел II жыў так, што быў шчаслівым чалавекам пры жыцці, а цяпер ім астаўся і пасля смерці. Гэта ёсць наш “эфект неба”, па якім мы сумуем і да якога імкнёмся. Няхай адбудзецца цуд перамены нашага жыцця ў яшчэ лепшае.