Беларусь – Aдвэнтавая пасіўнасць ці паўната жыцця?

Слова рэдактара

Нумар 21 (314), 28 лістапада 2010
Ж
аданне амаль кожнага верніка - добра пражыць час падрыхтоўкі да сустрэчы з Хрыстом, які называем Адвэнтам. Большасць з нас звязвае гэтую падрыхтоўку звычайна з пэўнай пастановай аднавіць жыццё ці навярнуцца. Але гэта толькі адзін бок медаля. Другі заключаецца ў тым, што часта тут, у Беларусі, мы з’яўляемся вельмі пасіўнымі, каб рэалізаваць свае пастановы. Назіраючы за сучаснай рэчаіснасцю, можна сцвярджаць, што ў нас паўстае пэўная культура пасіўнасці. Чалавек становіцца пасіўным ва ўсім, і гэта датычыць не толькі рэлігійнага жыцця.
    Я лічу, што гэтая людская пасіўнасць паварочваецца вакол праблемы жыццёвай пустаты. У рэлігійным жыцці такая настроенасць звычайна нясе з сабой “змарнаваны” Адвэнт. Адбываецца так таму, што з пачатку новага літургічнага года чалавек лічыць, што нічога важнага ў яго жыцці не адбываецца. “Чарговы Адвэнт, да таго ж не першы ў маім жыцці” – сцвярджаюць некаторыя. І толькі пад канец гэтага прыгожага перыяда, б’ючы сябе ў грудзі, яны разумеюць, што не выкарысталі добрую нагоду, дадзеную ім Богам, належным чынам.
Хіба ніхто не крыўдзіць Касцёла больш, чым пасіўныя хрысціяне. І хоць мы не заўжды гэта ўсведамляем – крыўдзім таксама і саміх сябе. Адвэнт не павінен быць часам пасіўнасці, але парой растучай надзеі да паўнаты жыцця з народжаным Богам. Кожны з нас павінен старацца змяніць сваё жыццё, а таксама спосаб мыслення пра Бога. Давайце будзем памятаць, што кожны пражыты намі адвэнтавы дзень дае нам шмат уражанняў, робіць нашае рэлігійнае жыццё ажыўленым. Тады мы зможам значна больш сказаць пра сваё жыццё, чым звыкла: “Вучыўся ў школе, ВНУ, цяпер працую і нічога больш цікавага не адбываецца ў маім жыцці” або “На працягу 20 год працую на прадпрыемстве і чакаю выхада на пенсію”. Адвэнт надае сэнс жыццю кожнага чалавека, таму што чаканне і падрыхтоўка да прыхода Пана напаўняе нашае жыццё, пазбаўляючы яго руціны і звычайнасці. Няхай гэты чарговы Адвэнт будзе для нас вельмі важным і выключным. Давайце перастанем толькі марыць, але з самага пачатку возьмемся за працу, каб мы былі годнымі сведкамі Хрыстовага прыхода. Давайце будзем памятаць пра тое, што мары не збудуцца так проста – кожны з нас сам павінен здзяйсняць уласныя мары і планы. А Бог выраўнуе гэтыя нашыя сцежкі ў Неба.