Касцёл - дом для ўсіх

Слова рэдактара

Нумар 1 (294), 17 студзеня 2010 годаДарагія чытачы!

    З самага пачатку Новага году я хачу нагадаць пра фрагмент катэхізіса каталіцкага Касцёла, дзе падкрэсліваецца, што Касцёл з’яўляецца домам і сям’ёй для ўсіх. У хрысціянстве Касцёл мае некалькі значэнняў: будынак, рэлігійная супольнасць вернікаў і іхняга духавенства, супольнасць вернікаў, заснаваная Езусам Хрыстом. З хвіліны Хросту кожны з нас належыць да Касцёла. Паводле статыстычных даных 17% жыхароў Зямлі – католікі, а ў Еўропе яны – самая шматлікая група хрысціянаў. Гэта – выключны Дом, фундаментам якога ёсць Адзінства, Святасць, Паўсюднасць і Апостальскасць.
Напэўны, кожны з вас бачыў у сваім жыцці розныя дамы: разбураныя і прыгожыя па архітэктуры, малыя ці вялікія, з цудоўным інтэр’ерам і пустыя. Але ёсць Дом, якога ніхто не здолее разбурыць, бо ён пабудаваны на скале; які ніколі не будзе малым, бо для кожнага там знойдзецца месца; які не можа быць пустым, бо напоўнены Любоўю Творцы да створанага Ім.
    У кожнага з нас ёсць свой шлях у гэты нязвыклы Дом. Гэтая дарога можа быць цяжкай і доўгай, а нават балючай, можа быць таксама хуткай і лёгкай. Бог хоча, каб кожны чалавек, які створаны па Божаму вобразу і падабенству (пар. Быц 1, 26 – 27), знайшоў сабе месца ў такой вялікай Сям’і. Касцёл дапамагае ўдасканальваць Божы вобраз у чалавеку. У кожнага ёсць неабходнасць ствараць сваё жыццё з Ім і для Яго. Кожны з нас – каштоўны і выбраны ў Бога (пар. 1 П 2, 4), нават, калі людзі нас адхіляюць ці не разумеюць.
    Усведамляйце ж тое, што Касцёл не з’яўляецца справай толькі сястры з манаскага ордэну ці ксяндза. Кожны з нас павінен дбаць пра супольнае дабро Касцёла. Мы павінны прыкладваць максімум высілкаў, сэрца, малітвы і актыўна ўдзельнічаць, каб дапамагчы будаваць Касцёл на Гродзеншчыне: з каменя, але перш за ўсё – жывы.
    Няхай гэты роздум дазволіць Вам абвяшчаць адкрыта і шчыра пасланне праўды і Божай Любові ў 2010 годзе!