Які твар у Марыі ў XXI стагоддзі?

Слова рэдактара

Нумар 21 (290), 15 лістапада 2009 годаАднойчы малады чалавек задаў сабе такое пытанне, кленчачы перад абразом Божай Маці. Я думаю, што XXI стагоддзе можа намаляваць некалькі твараў Марыі. Я паспрабую гэта зрабіць у ніжэйпрыведзеным разважанні.
    Перш за ўсё Яе твар Мілы і Радасны: таму што Марыя бачыць, як дзеці любяць сваю Маці. Пра гэта сведчаць каранацыі абразоў у Гродне, Гудагаі і Тракелях. Шматлікія пілігрымы імкнуцца на працягу году да трона Найсвяцейшай Маці. Набажэнствы і малітвы ў парафіяльных касцёлах і дамах вернікаў дадаюць бадзёрасці і радасці ў гэтых складаных рэаліях штодзённага жыцця. Напэўна, Яна ганарыцца кожным з нас. Марыя – шчаслівая, бо запрашае кожнага ў неба.
Але гэты твар Марыі можа быць і Заклапочаны. Марыя перажывае за свае дзеці, за кожнага з нас. Ніхто для Яе - не абыякавы: і той, хто хварэе на грып, і той, хто перажывае крызіс; хто шукае працы ці даху над галавой, павагі з боку іншых... Для Божай Маці няма падзелу людзей на добрых, менш добрых, цудоўных і безнадзейных – Яна любіць кожнага, кожнага ахінае сваім плашчом. Заклапочаныя вочы Маці сузіраюць на кожнага з нас з дому Айца. Марыя хоча даць адчуць усім вернікам сваю мацярынскую прысутнасць і любоў.
    На Яе твары - Смутак, але не Роспач: Божую Маці непакояць праяўленні грамадскай паталогіі: алкагалізм, наркаманія, разводы і злачыннасць, адмоўны натуральны прырост і не толькі. Зварот Марыі павінен быць разліты ў людскіх сэрцах. Яна з’яўляецца адзінай надзеяй перамогі над усім злом. Яна вядзе нас да Хрыста, які перамог шатана, смерць і грэх. Яе самай вялікай марай з’яўляецца тое, каб Хрыстус быў для кожнага з нас “Дарогай, і праўдай, і жыццём” (пар. Ян 14, 6).
    Яе твар - Задуменны, а што далей? Куды ідзеш, чалавек? У чым заключаецца твая мэта? Чаго ты хочаш дасягнуць? Гісторыя ведае і памятае, што ў самыя складаныя моманты жыцця, у хвіліны найбольшых крызісаў і пагрозаў Марыя клапоціцца асаблівым чынам пра наш лёс у вечнасці. Сучаснае чалавецтва павінна апамятацца і даверыць свой лёс Найсвяцейшай Маці. Заклік Марыі павінен дайсці і да сённяшняга чалавека, у кожны закуток нашай Гродзенскай зямлі. Яна звяртаецца з-над Немна, з малых Тракеляў, з Гудагайскага пагорка – звяртаецца да мяне і да цябе. Дзе б ты ні быў, Яе твар з’яўляецца тварам Божага чалавека. Слухай голас Марыі ў праўдзе сваёй душы, у пачуццях сэрца і суцішаным розуме.
    Добрае і чыстае сэрца малюе сапраўдны твар Марыі.