Новая святыня ў Субачах

Актуальна - З жыцця Касцёла

4 кастрычніка 2009 г. біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі, асвяціў новую святыню ў Субачах (Ваўкавыскі дэканат). У гэты дзень касцёл не мог змясціць усіх вернікаў, якія хацелі падчас першай св. Імшы падзякаваць Богу за ўласную святыню.
З пачатку 90-ых гадоў, калі быў вернуты парафіяльны касцёл у Шылавічах, жыхары Субочаў наведвалі іхнюю святыню, удзельнічаючы ў св. Імшах. Праз некалькі гадоў намаганнямі ксяндза Мар’яна Хамені CSMA Субочы сталі філіялам парафіі, а св. Імшы былі цэлебраваны ў выдзеленай частцы мясцовага магазіна.


   У верасні 2007 г. дзякуючы дапамозе спонсараў і зычлівых людзей, удзелу пробашча, якога падтрымлівалі ксёндз з таго ж ордэна Пётр Вісьнеўскі, с. Элігія Арцемюк з супольнасці Божай Маці Міласэрнасці і ахвярнасці жыхароў Субочаў было пачата будаўніцтва святыні. Дзякуючы Божаму Провіду на працягу двух гадоў паўстала новае месца малітвы вернікаў.

    Урачыстасці кансэкрацыі новай святыні ўзначаліў ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч, якога суправаджалі хлопцы на скутэрах, а ўздоўж дарогі маладыя людзі віталі яго кветкамі і каляровымі шарыкамі. Падчас св. Імшы пастыр гродзенскага Касцёла, узрушаны і шчаслівы, асвяціў святыню. Ксёндз Раман Катлімоўскі, выкладчык ВДС у Гродне, абвясціў гамілію. Ля алтара разам з біскупам ажыццяўляла св. Імшу 11 святароў, сярод якіх былі прадстаўнікі ордэна міхалітаў з Польшчы.