Удзячнасць збліжае нас з Богам і чалавекам

Актуальна - З жыцця Касцёла

 
Воты каля абраза Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях
Воты каля абраза Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях

Часта ў каталіцкіх святынях – між іншым, каля абразоў ці фігур – вісяць металічныя вырабы ў форме сэрца, рукі ці нагі. Побач з імі могуць знаходзіцца ружанцы ці ўпрыгожанні тыпу караляў. Гэта воты. Да іх ахвяравання як да формы падзякі заахвочвае кс. канонік Юрый Бяганскі, кусташ тракельскага санктуарыя.
    Ад нядаўняга часу ў парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях, дзе знаходзіцца санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў, можна набыць адмысловыя воты ў выглядзе сэрца. Як дзеліцца кс. Юрый Бяганскі, пробашч парафіі, “воты – адна з найцікавейшых з’яў, якія мы можам убачыць у пілігрымкавых санктуарыях. Гэта прадметы, якія ўяўляюць сабой пэўную інтэнцыю малітвы або выслуханую малітву. На такіх сімвалах звычайна пішацца імя асобы, якая прыносіць вота, просьба аб пэўнай ласцы ці падзяка за яе. І гэта сведчанне чалавечай набожнасці”.


    З гісторыі вотаў
    Звычай ахвяраваць ватыўныя дары развіваўся адначасова з культам святых, мучанікаў і аскетаў, якіх успрымалі як пасрэднікаў паміж Богам і чалавекам. Гэты звычай прыйшоў у рэлігію з антычнай культуры. Ён бярэ пачатак прыкладна за 3 тысячы гадоў да н. э. У старажытнасці былі вядомы ватыўныя дары натуральныя (раслінныя і жывёльныя), а таксама ў выглядзе адзення і ўпрыгажэнняў, зброі і манет, выяў органаў чалавечага цела, якія вырабляліся з гліны, тэракоты, бронзы і волава, радзей з золата ці срэбра. У язычніцкай старажытнасці, асабліва ў Грэцыі і Рыме, ватыўны дар быў вядомы як сімвалічны дар (лац. vovere – абяцаць, ахвяраваць), які прыносіўся боству ў інтэнцыі дапамогі хвораму чалавеку, а таксама як выраз удзячнасці.
    У старажытнай Грэцыі воты дзяліліся на два віды: ikesia (дар, прынесены для атрымання ласкі) i soteria (дар, прынесены за атрыманую ласку). Хрысціяне прынялі старажытную традыцыю і адаптавалі яе да культу Езуса Хрыста, Маці Божай і святых. Ахвяраваныя воты змяшчаліся ў капліцах і касцёлах, а таксама ў санктуарыях. У Сярэднявеччы папулярнасцю карысталіся васковыя воты (напрыклад, кавалкі воску, свечкі, вянкі і пярсцёнкі, васковыя ніткі розных памераў, якія прыносіліся дзеля ўратавання ад пагрозы вайны ці эпідэміі, каштоўныя васковыя фігуры, якія выяўлялі канкрэтную асобу). У сваю чаргу срэбныя воты з’явіліся спачатку ў Еўропе, а пазней у Паўднёвай Амерыцы ў выглядзе бляшак і пласцінак у форме ахвярнікаў, сельскагаспадарчых жывёл, органаў цела і сімвалаў; таксама такія воты маляваліся на дошцы, палатне і сценах. Калі казаць пра значэнне, то, напрыклад, воты ў выглядзе вока звязаны з захворваннямі зроку ў іх шырокім разуменні, з просьбай аб дапамозе пры галаўным болі ды псіхічных хваробах. Воты ў выглядзе ступні або нагі сімвалізуюць просьбу аб аздараўленні або ідэю пілігрымкі. Воты ў форме ружанца – удзячнасць за ласку, атрыманую з дапамогай Ружанцовай малітвы, якую здзяйсняла пэўная асоба. Радзейшай формай ватыўных дароў з’яўляюцца статуі або невялікія будынкі. У гісторыі часам на такім дары сустракаюцца літары GR, што азначае “Grazia Ricevuta” (з італ. “ласка атрымана”).
   
Прыклады вотаў каля абраза Мацi Божай Кангрэгацкайу гродзенскай катэдры
Прыклады вотаў каля абраза Мацi Божай Кангрэгацкай у гродзенскай катэдры

    Воты ў тракельскім санктуарыі
    На Гродзеншчыне ў тракельскім санктуарыі абраз Багародзіцы таксама ўпрыгожаны вотамі просьбаў і падзяк.
    Сярод іх ёсць і ружанцы, і выявы частак цела – усе яны, як лічыць кс. Юрый Бяганскі, “падкрэсліваюць важнасць місіі Найсвяцейшай Панны”.
    За час служэння святара ў санктуарыі (з 2018 года) некалькі ахвяраванняў вотаў таксама адбылося: “У асноўным на працягу гэтых чатырох гадоў воты складалі як падзяку за нешта. Маці Божая Тракельская дапамагала ў канкрэтных сітуацыях і чалавек такім чынам выражаў сваю ўдзячнасць”.
    Актуальна ксёндз пробашч збірае сведчанні выслуханых просьбаў і цудаў. “На працягу доўгіх гадоў мноства вернікаў атрымлівала ад Маці Тракельскай пэўную ласку аздараўлення: фізічнага, псіхічнага альбо духоўнага. На дадзены момант маю каля дваццаці сведчанняў, якія дасылалі вернікі на працягу трох гадоў. Ёсць задумка сабраць іх яшчэ больш і зрабіць даступнымі для іншых, каб людзей прабудзіць. Ёсць тыя, хто атрымаў ацаленне, але забыўся падзякаваць Маці Божай. Калі ў нас няма ўдзячнасці, гэта вядзе да аддалення ад Бога і іншых людзей”.
   
Воты, ахвяраваныя Маці Божай, у тракельскiм санктуарыi
Воты, ахвяраваныя Маці Божай, у тракельскiм санктуарыi

    Аб выкананых просьбах
    Дзелячыся гісторыямі вернікаў, якія прыязджалі маліцца ў тракельскую святыню, кс. Юрый узгадвае выпадак, калі падчас пандэміі ён рэгулярна маліўся ў інтэнцыі аднаго чалавека, блізкага да смерці. Праз некалькі месяцаў той прыехаў, каб падзякаваць, бо застаўся жывы. “Падчас пандэміі такіх выпадкаў было вельмі шмат. Частка з іх запісаная, частка – не”. Сярод зафіксаваных гісторый ёсць таксама сведчанні вырашэння праблем з цяжарнасцю. Кусташ санктуарыя распавядае пра пару, якая мела некалькі выкідышаў. У 2018 годзе кс. Юрый падтрымаў іх і параіў больш маліцца да Маці Божай. Праз год жанчына нарадзіла.
    “Таксама ёсць гісторыя з парай з Мінска, праваслаўнымі, якія доўга не маглі зацяжарыць. Яны шмат ездзілі па свеце з гэтай інтэнцыяй. У выніку трапілі сюды і цяпер маюць дачушку Дар’ю.
    Была і іншая сітуацыя, калі людзі з Гродна прыехалі, каб памаліцца за дзіця. Жанчына ляжала на захаванні. Яны памаліліся на ружанцы, пасля мы разам удзельнічалі ў св. Імшы ў гэтай інтэнцыі. Дзіця выжыла. Я ўдзяляў яму сакрамант хросту, і цяпер яно нават прыязджае з бацькамі ў Тракелі да Маці Божай. У 1994 годзе санктуарыю быў нададзены тытул Каралевы нашых сем’яў – гэта аб чымсьці гаворыць”.

   
Кс. Юрый Бяганскі заахвочвае дасылаць сведчанні аб атрыманых ласках праз пасрэдніцтва Маці Божай Тракельскай. Зрабіць гэта можна, напісаўшы ліст на электронную пошту Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript альбо звязаўшыся з парафіяй праз старонку ў Instagram @sanktuaryimatsi.

    Аб сутнасці складання вотаў
    Разважаючы аб значэнні складання вотаў, святар адзначае: “Сёння, калі мы не ўмеем дзякаваць, то пачынаем адносіцца да Бога, як да банкамата, і да чалавека, як да банкамата: нібыта нам абавязаны, нам павінны. Мы ўсе жывыя людзі. Калі мы дапамагаем і дапамагаем, але не чуем элементарнага «дзякуй», то нам ужо не хочацца наступным разам дапамагаць альбо складаней гэта рабіць. Бог таксама хоча пачуць ад нас «дзякуй». Сутнасць вота, перш за ўсё, у падзяцы. Калі не хочам дзякаваць Богу, то варта задумацца аб сваёй веры. Калі не дзякуем чалавеку, то таксама трэба падумаць аб увазе і пашане да яго”.
   
    Рэдакцыя складае падзяку кс. каноніку Юрыю Бяганскаму за дасланы матэрыял, прысвечаны тэматыцы вотаў.