Ксёндз прэлат Ежы Мар’ян Лявінскі нарадзіўся 2 студзеня 1930 года ў Дзятлаве. Разам з сям’ёй быў вывезены ў Сібір. Вышэйшую духоўную семінарыю скончыў у Сандаміры (Польшча), там жа 29 мая 1955 года біскуп Ян Лорка ўдзяліў яму прэзбітэрскае пасвячэнне.
У савецкія часы ездзіў на душпастырскую працу ў Беларусь, Расію і Казахстан, дзе па меры магчымасці абвяшчаў Евангелле, цэлебраваў Імшу, спавядаў. Пасля шасці гадоў душпастырскага служэння быў накіраваны на вучобу ў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт, пасля заканчэння якога абараніў кандыдацкую дысертацыю па кананічным праве. З 1968 па 1990 гады працаваў у дыяцэзіяльнай курыі ў Сандаміры.
З пачатку існавання Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне быў яе выкладчыкам, некаторы час прэфектам. З’яўляўся Ганаровым капеланам Яго Святасці, Грэміяльным канонікам Сандамірскага капітула, Ганаровым канонікам Гродзенскага капітула.