Рэзурэкцыя ў катэдры

З жыцця Касцёла

Рэзурэкцыйная працэсія вуліцамі горада     Ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў св. Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
    Пасля двухгадовага перапынку, выкліканага пандэміяй, на пачатку літургіі адбылася рэзурэкцыйная працэсія вуліцамі горада. Падчас працэсіі, у якой неслі Найсвяцейшы Сакрамант, вернікі спявалі радасныя велікодныя песні пад музычнае суправаджэнне духавога аркестра.
    Затым усе сабраліся ў катэдры – “маці” святынь Гродзенскай дыяцэзіі, – каб разам “убачыць і паверыць”, што Хрыстос уваскрос, працягвае жыць і дзейнічаць у сваім Касцёле.
    Біскуп Аляксандр Кашкевіч у гаміліі падкрэсліў, што Вялікдзень – свята надзеі, бo “ўваскрослы Хрыстос заклікае нас пакінуць цемру граху і смерці і выйсці да дзівоснага святла любові, праўды і жыцця – святла, якое ніколі не будзе мець канца”.
    На заканчэнне літургіі іерарх пажадаў вернікам моцнай, непахіснай надзеі, якая вынікае з пасхальнай веры ў перамогу Хрыста і якая будзе святлом на шляху штодзённага жыцця сярод усіх цяжкасцей, клопатаў, цярпенняў і перажыванняў.