Ці будуць сёлета пілігрымкі?

З жыцця Касцёла

Ці будуць сёлета пілігрымкі?
    Пандэмія перарвала шматгадовую традыцыю пешых паломніцтваў у беларускія санктуарыі. Ужо два гады вялікія арганізаваныя пілігрымкі не ходзяць. Пытанне, ці адбудуцца паломніцтвы ў гэтым годзе, таксама застаецца адкрытым. “Чакаем рашэння біскупаў, але апошняе слова застаецца за ўладамі”, – кажуць кіраўнікі пешых груп.
Два гады без пілігрымак
     Пачатак пандэміі зімой 2020 года паставіў пад пытанне правядзенне не толькі пешых паломніцтваў, але і саміх фэстаў у Будславе і дыяцэзіяльных санктуарыях. Тады за паўтары месяцы да фэсту ККББ абвясціла аб яго пераносе, аднак па ініцыятыве арцыбіскупа Кандрусевіча мерапрыемства ўсё ж адбылося ў фармаце парафіяльнага свята. Пра арганізацыю пешых пілігрымак не ішло нават мовы.
     Нягледзячы на абмежаванні першага года пандэміі, вернікі самаарганізоўваліся ў невялікія паломніцкія групы і крочылі ў санктуарыі. У 2021 годзе ККББ аб’явіла, што Будслаўскі фэст адбудзецца, але “без арганізаваных пілігрымак”. Разам з гэтым іерархі нагадалі, што “ахвотныя могуць ладзіць паломніцтвы ў індывідуальным парадку”. Хваля такіх груп летась ужо была значна большай, чым годам раней.

     Ці вернуцца вялікія арганізаваныя групы?
     Кс. Павел Рудзьман, адказны за пілігрымку Баранавічы–Будслаў, адзначае, што арганізатары пешых паломніцтваў у Нацыянальны санктуарый чакаюць рашэння Канферэнцыі біскупаў. “Калі гэтае рашэнне будзе прынята, адказныя ўжо зоймуцца непасрэднай падрыхтоўкай”, – распавядае ксёндз.
     Рашэння біскупаў чакаюць таксама ў Гродне і Віцебску. “Яшчэ нічога не вядома, ёсць шмат нюансаў”, – каменціруе кс. канонік Антоній Грэмза. Канцлер Віцебскай дыяцэзіі кс. Віктар Місевіч пацвярджае, што ў любым выпадку апошняе слова будзе за дзяржаўнымі ўладамі, бо гэта масавае мерапрыемства па-за мурамі касцёлаў, якое трэба ўзгадняць”. “Калі згода будзе, то пілігрымкі адбудуцца, – выказвае шчырае спадзяванне кс. Віктар. Хацелася б, каб яны пайшлі, вярнуліся да нармальнага, але пакуль што цяжка адказаць на гэтае пытанне”.
     У сваю чаргу прадстаўнікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кажуць, што пачынаюць падрыхтоўку да пілігрымак. Кс. Алег Шпець TChr, адказны за групу Мінск–Будслаў, адзначае, што на гэты конт ужо адбылася размова з арцыбіскупам Юзафам Станеўскім, і “ён сказаў, што будзем праводзіць пілігрымкі”. “Пакуль канкрэтыкі яшчэ мала, але кавідныя абмежаванні не з’яўляюцца перашкодай”, – дадае святар. А. Андрэй Жылевіч пацвярджае, што капуцыны ўжо маюць вызначанага каардынатара пілігрымкі Маладзечна–Будслаў і пачалі неабходную падрыхтоўку.

     Ці чакаюць вернікі вяртання паломніцтваў?
   
Цяпер папулярныя індывідуальныя пілігрымкі  і паломніцтвы невялічкімі групамі
Цяпер папулярныя індывідуальныя пілігрымкі і паломніцтвы невялічкімі групамі
   “Прынамсі, у мяне ніхто не пытаўся пра пілігрымкі. Асабіста не бачу асабліва вялікага энтузіязму”, – каменціруе кс. Грэмза. З гэтым меркаваннем згаджаецца і кс. Рудзьман: “Гэта праблема сучаснага чалавека, яго самаарганізацыі. Хто хацеў, той хадзіў і летась, і пазалетась”.
     Некаторыя суразмоўцы згадваюць праблему начлегаў. Пасля кавідных абмежаванняў многія вернікі і кіраўнікі школ з дыстанцыяй ставяцца да прыняцця пілігрымаў пад свой дах. “Накарміць людзей не праблема, пытанне хутчэй у тым, ці гатовыя пілігрымы ўзяць з сабой палаткі, – адзначае кіраўнік баранавіцкай пілігрымкі. – У той жа час, каб паставіць палатачны гарадок, таксама патрэбен адпаведны дазвол”.
     Кс. Дзмітрый Дубовік прыводзіць прыклад, што парафія ў Ваўкалатах, суседка санктуарыя ў Будславе, штогод прымала да 800 паломнікаў з Віцебскай дыяцэзіі. “Тамтэйшы пробашч кажа, што сёлета змогуць прыняць добра, калі палову, – распавядае будслаўскі кусташ. – Людзі не вельмі гатовыя прымаць пілігрымаў”.

     Ці стане Будслаў беларускім Санцьяга-дэ-Кампастэла?
     Кс. Рудзьман мяркуе, што, “магчыма, ужо прыйшоў час такіх пілігрымак, як у Санцьяга-дэ-Кампастэла”. “Гэта працавала апошнія два гады. Людзі хадзілі сваімі маленькімі групкамі. Як бы дзіўна не гучала, для мяне гэта было большым перажываннем, чым калі ідзе вялікая група.
     У шматлюднай групе я служу. А калі ідзеш з невялікай колькасцю людзей, то ёсць неверагоднае пачуццё малітвы пад спеў птушак, шум ветру ці цурчанне ручая. Мне падаецца, што тыя, хто паспрабаваў ісці самастойна, ужо не захочуць ісці з масавай групай. І я гляджу на гэта пазітыўна”
,
– адзначае святар.
     На дадзены момант усе арганізатары пілігрымак чакаюць канчатковых рашэнняў біскупаў і дзяржаўных чыноўнікаў. Суразмоўцы маюць надзею, што ўсе дазволы будуць атрыманы. “Мы не будзем стартаваць з канкрэтнай падрыхтоўкай, пакуль не будзе дазволу ад улад”, – кажа кс. Шпець.
     Пакуль тэма сёлетніх будслаўскіх урачыстасцей на стадыі выпрацоўкі. “Арцыбіскуп папрасіў, каб мы падумалі і прадставілі ідэі, а ён, у сваю чаргу, падумае над сваімі  прапановамі”, – распавядае кіраўнік мінскай пілігрымкі.
     А кс. Грэмза ўжо пацвердзіў, што ўрачыстасці ў Тракелях пройдуць пад дэвізам “Аб супакоі”. У маі дакладна будзе вядомы лёс сёлетніх пілігрымак у Будслаў і іншыя санктуарыі.