Малітва ў інтэнцыі міру ва Украіне

Актуальна - З жыцця Касцёла


Каб абудзіць сумленне адказных за братабойчую вайну.
27 лютага ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя адбылася св. Імша за мір ва Украіне і за брацкі ўкраінскі народ. Эўхарыстыю ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у канцэлебрацыі з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам і святарамі.
У галоўнай святыні дыяцэзіі сабраліся шматлікія вернікі, каб у гэтыя цяжкія часы скіраваць свае сэрцы да Бога, поўнага любові і міласэрнасці, у намеры выратавання міру і адзінства паміж народамі.
    У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што Касцёл заклікае да тэрміновага спынення ваенных дзеянняў і распачацця ўзаемнага дыялогу з мэтай пошуку шляхоў да яго мірнага вырашэння. „Няхай наша салідарная малітва з церпячымі ўкраінскімі братамі і сёстрамі з заклікам да ўзаемнага прабачэння і паяднання прычыніцца да ўсталявання сталага міру ва Украіне і свеце”, – дадаў іерарх.
    Пасля св. Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту. Падчас адарацыі ўсе пысутныя прасілі Бога праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, Каралевы Супакою, каб абудзіў сумленні адказных за братабойчую вайну, каб ніколі на нашай зямлі не было збройных канфліктаў, але квітнеў мір і супольная згода.Супольная малітва за мір ва Украіне адбываецца ў розных кутках Беларусі