Біскуп Кашкевіч блаславіў зямлю пад будаўніцтва новага касцёла ў Гродне

З жыцця Касцёла

21 лістапада, ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, у мікрараёне Баранавічы ў Гродне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч блаславіў зямлю пад будаўніцтва новага касцёла і ўсталяваны на ёй крыж.
На ўрачыстасці сабраліся вернікі парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай, якія разам са сваім пробашчам кс. Юрыем Марціновічам з малітвай распачалі справу пабудовы парафіяльнай святыні, а таксама госці, сярод якіх былі святары, манаскія сёстры, прадстаўнікі суседняга праваслаўнага прыхода на чале са сваім настаяцелем.
У намёце на месцы, дзе будзе ўзведзены касцёл бл. Мар’яны, адбылася першая св. Імша, цэлебрацыю якой ўзначаліў біскуп Кашкевіч. Вітаючы іерарха, прадстаўнікі парафіі падкрэслілі, што для іх гэта гістарычная хвіліна, а гэты дзень упішацца ў гісторыю маладой парафіі, апякункай якой з’яўляецца смелая жанчына, мужная хрысціянка і гераічная мучаніца.
    Парафія бл. Мар’яны Бярнацкай у Гродне была заснавана дэкрэтам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ў 2019 годзе. Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі парафii падпісана ва ўрачыстасць Усіх Святых 1 лістапада таго ж года. У склад парафіі ўваходзяць гродзенскія мікрараёны Ласосна і Баранавічы, а таксама вёска Тарусічы.