Юбілей 30-годдзя дзейнасці сясцёр салезіянак у Беларусі

Актуальна - З жыцця Касцёла

Сёстры салезіянкі аднаўляюць манаскія абяцанніКс. Павел Шчарбіцкі, Мінск і Смаргонь
    У 1997 годзе ў Серабранку ў Мінску прыйшлі ксяндзы салезіяне, а пасля з’явіліся і сёстры салезіянкі. Першае ўражанне ад сустрэчы – здзіўленне. Бо яны ўсміхаліся. Для мяне першапачаткова ксёндз ці сястра былі ўвогуле людзьмі “не з гэтага свету”, далёкімі, якіх я не разумеў і якія, як мне здавалася, не разумелі мяне. Я іх нават трохі баяўся. А тут раптам усё змянілася: чалавек усміхаецца, цікавіцца табой, асабіста табе падае руку – зусім іншы падыход. Гэта вельмі моцна кранала.
Сёстры заўсёды былі з моладдзю. Мы часта сустракаліся ў іх дома, там у капліцы маліліся, прыходзілі на розныя малітоўныя спатканні, чуванні. Новы год святкавалі разам. Гэта было штосьці новае. Сёстры займаліся духоўным выхаваннем моладзі і асабіста маім.
    Найбольш маё жыццё было звязана з с. Уладзіславай Цесляй. Аднойчы пачуў ад яе: “Ты эгаіст! Ты робіш усё толькі для сябе”. Цяжка было прыняць пачутае, але сястра ўмела гаварыць праўду ў вочы. Яна сказала: “Хочаш быць ксяндзом? Не будзе такога!”. Адмаўляла мяне? Напэўна, не. Праз гэтыя словы яна правакавала да асабістай працы над самім сабой. І гэта прынесла плён!
    Падсумоўваючы, падкрэслю некалькі галоўных аспектаў у адносінах з сёстрамі салезіянкамі: радасць і зацікаўленасць мною, духоўны аспект (тое, што мы маглі быць у сясцёр дома і маліцца з імі), а таксама праўдзівасць і пастаянства. Праз гэта салезіянкі выхоўвалі нас і суправаджалі. Я вельмі ўдзячны ім за тое, кім я ёсць сёння.
   
    Віталій і Марыя Арцёменка, Смаргонь
    Наша першая сустрэча з сёстрамі салезіянкамі адбылася ў Смаргоні 30 гадоў таму. Сёстры адрозніваліся радасцю ў вачах, пастаяннай усмешкай на твары, адкрытасцю для зносін, сваёй харызмай і... вопраткай шэрага колеру, бо ў галаве існаваў вобраз строгай манахіні ў чорным.
    Тады адкрылася новая старонка ў нашым жыцці: урокі рэлігіі, спеў песень у касцёле пад гітару, чаяванні ў сясцёр дома, тэатральныя пастаноўкі, паходы на прыроду з моладдзю, арганізацыя першай пілігрымкі СМЭП, вечары ў араторыі. Ішлі гады. Адны сёстры з’язджалі, іншыя прыязджалі, але кожная з іх пакінула свой след у нашых сэрцах. Мы даўно ўжо выраслі, але памятаем кожную з іх і вельмі радуемся, калі сустракаемся зноў. Цяпер ужо нашы дзеці ходзяць на вядомыя і звыклыя ўсім урокі рэлігіі, спяваюць песні пад гітару, прыходзяць у араторый, бегаюць у госці да сясцёр на гарбату з найсмачнейшымі цукеркамі.
   
    Ганна Андык, Бабруйск
    Дочкі Марыі Успамогі Хрысціян пачалі сваю дзейнасць у Бабруйску ў 1998 годзе, калі мне было 16 гадоў. Тады я толькі шукала свой шлях да Бога. Гэтыя на выгляд нічым не прыкметныя жанчыны ў шэрым адзенні змянілі маё жыццё.
    Памятаю свае першыя ўражанні: шчырая ўсмешка на тварах і непадробленая зацікаўленасць кожным чалавекам, незалежна ад узросту і статусу. Мне здавалася неверагоднай, чароўнай тая цеплыня, лёгкасць, жаноцкасць, што іскрылася ў вачах, зыходзіла з кожнага слова і ўчынку.
    На жаль, мае бацькі былі супраць майго жадання хадзіць у касцёл. Але дзякуючы ўсеабдымнай падтрымцы сясцёр, якія клапаціліся аб маім рэлігійным выхаванні, апекаваліся псіхалагічна і духоўна, здарыўся сапраўдны цуд: я атрымала ад бацькоў дазвол прыступіць да Першай св. Камуніі. Гэтая падзея перагарнула новую старонкумайго існавання, і не толькі майго.
    Мяне проста шакіравала здольнасць сясцёр за такі непрацяглы час з’яднаць паміж сабой столькі людзей! Я ніколі раней не бачыла столькі моладзі, дзетак, дарослых, якія прыходзілі на Імшу, сустрэчы ў араторыі, катэхезы, святы. На летніх канікулах пад дах касцёла сёстры збіралі проста рэкордную для Бабруйска колькасць дзяцей і падлеткаў.
    Упершыню ў жыцці я адчувала, што знайшла не толькі Бога, але і сям’ю, якая прымае мяне такой, якая я ёсць. Зараз, узгадваючы той перыяд свайго жыцця, я называю яго “залатым часам”. Ён атрымаўся такім толькі дзякуючы любові трох адважных жаночых сэрцаў: с. Ганны Кужджал, с. Ірыны Барцэвіч і с. Алы Валюкевіч. Яны сталі для многіх з нас сапраўдным прыкладам веры і сілы духу!
    Праца з моладзю не абмяжоўвалася толькі катэхезамі і сустрэчамі ў араторыі. Пад кіраўніцтвам с. Алы Валюкевіч у нас з’явілася суполка, якая пачала спяваць на Імшы. Але ў хуткім часе яна ператварылася ў музычны гурт “Magnificat”. Аднойчы сёстры прапанавалі нам запісаць свой першы альбом. Для мяне гэта стала самым велічным жэстам даверу і прыняцця мяне як асобы. Тады я ўпершыню паверыла ў сябе, таму што сёстры паверылі ў мяне.
    За 3 гады ў нас з’явіліся 3 музычныя альбомы. З канцэртамі мы выступалі ў Польшчы, Расіі, Італіі. Кожнае падарожжа было падарункам ад Бога, Яго дзейнасцю ў нашым жыцці. Але “Magnificat” – гэта не толькі запісаныя альбомы і не проста моладзевы гурт. Гэта наша “так”, якое адказалі Богу, гэта пакліканне, служэнне, малітва. Разам з сёстрамі мы выплылі на глыбіню нашай веры, не баяліся жыць з Богам і па-сапраўднаму “кайфавалі” ад таго, што рабілі.
    Дарагія, любімыя нашы сёстры! Ад імя ўсіх, хто для вас назаўсёды застанецца бабруйскай моладдзю і гуртом “Magnificat”, дзякую вам за цуд веры, надзеі і любові, які вы стварылі для нас. Няхай эпілогам стануць словы св. Яна Боско: “Усё знікае, акрамя нашай удзячнасці. Давайце памолімся, как Бог шчодра блаславіў тых, хто быў такі добры да нас”.