Новапрызначаны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі прысвяціў Беларусь Маці Божай Бялыніцкай

Актуальна - З жыцця Касцёла

Юбілейную ўрачыстасць у Бялынічах узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч Агульнабеларуская ўрачыстасць з нагоды 260-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай адбылася ў Бялынічах. 17–18 верасня ў гэтым горадзе на Магілёўшчыне прайшоў адпустовы фэст з удзелам усяго епіскапату як выраз падзякі Богу за 30 гадоў з моманту аднаўлення касцёльных структур у Беларусі.
У праграме ўрачыстасцей былі канферэнцыя, канцэрт, наведванне музея і св. Імшы.
    У канферэнцыі ўдзельнічала таксама праваслаўнае духавенства. Галоўнай рэліквіяй фэсту стала копія старажытнага абраза Маці Божай Бялыніцкай, арыгінал якога лічыцца страчаным. Копію XVII стагоддзя знайшлі ў могілкавай капліцы каля в. Сноў. Абраз адрэстаўрыравалі, ён захоўваецца ў фондах музея старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук Беларусі. На заканчэнне ўрачыстасцей новапрызначаны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прысвяціў Беларусь Маці Божай Бялыніцкай. Акт прысвячэння быў прачытаны на заканчэнне св. Імшы на даўніх каталіцкіх могілках у Бялынічах. У Эўхарыстыі прынялі ўдзел каталіцкія біскупы Беларусі на чале са Старшынёй ККББ біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам, а таксама прадстаўнік папы Францішка ў нашай краіне Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч.