Адпустовая ўрачыстасць у санктуарыі ў Тракелях

З жыцця Касцёла

10–11 ліпеня адбыліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Каралевы нашых сем’яў.
У дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях (дэканат Радунь) пад дэвізам “Марыя, у Табе наша надзея” прайшлі дыяцэзіяльныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Каралевы нашых сем’яў.
Сёлета пілігрымы ў санктуарыі асаблівым чынам дзякавалі за 30 гадоў існавання Гродзенскай дыяцэзіі і за яе першага біскупа Аляксандра Кашкевіча, які ў гэтым годзе адзначае таксама 30-ую гадавіну з часу прыняцця біскупскай сакры.
    У сувязі з пандэміяй каранавіруса не было арганізаваных паломніцкіх груп, як гэта адбывалася звычайна, аднак шмат людзей прыбылі ў індывідуальным парадку: з Воранава, Іўя, Ліды і іншых мясцовасцей.
    У межах сёлетніх урачыстасцей біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў марыйную алею на прыкасцёльным пляцы, дзе размясціліся 15 копій унікальных абразоў Маці Божай з розных месцаў Гродзеншчыны.
    Заключную Эўхарыстыю ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Для прадстаўніка папы Францішка ў нашай краіне гэта была першая нагода прыгледзецца да вернікаў і сем’яў Гродзенскай дыяцэзіі, якія перад літургіяй аднавілі сужэнскія абяцанні.
    У Тракелях адбылася таксама прэзентацыя кнігі Станіслава Янчарскага “Касцёлы Беларусі. Гродзенская дыяцэзія”. Выданне, у якім змешчаны фотаздымкі з гісторыяй святынь Гродзеншчыны, складаецца з двух тамоў. Яно прысвечана 30-годдзю адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.