Вялікі пост у сэрцах малых

З жыцця Касцёла

ККрыніца: pixabay.comаб вера была жывой, трэба яе перадаваць з пакалення ў пакаленне, і лепш пачынаць як мага раней. Тлумачыць хрысціянскія асновы дзецям варта адмысловым спосабам, тады і наша супольная вера будзе плённай. Уваходзячы ў перыяд Вялікага посту, скарыстаем практычныя парады, як дапамагчы хлопцам і дзяўчатам у перажыванні гэтага важнага, але складанага перыяду.
Сёлета прыйшла ідэя падрыхтаваць велікапосныя календары для дзяцей па прыкладзе Адвэнт-календароў. Працавала над імі цягам тыдня, у выніку атрымаўся камплект: асноўны плакат 30х40 см, плакат з заданнямі (абодва ламініраваныя), сцікеры ў выглядзе ножак і – у якасці бонусу – набор наклеек, якія бацькі могуць захаваць і падарыць дзіцяці на Вялікдзень.
Сэнс календара ў тым, каб, выканаўшы чарговае заданне, наклеіць “ножку” на плакат, і такім чынам за 40 дзён адноўленым “датупаць” да ўваскрослага Езуса. Пастановы падбірала так, каб засяродзіць духоўнае развіццё дзіцяці на асноўных момантах.
    1. Прызвычаіць вывучаць Біблію. Гэта дапаможа паверыць, што праўдзівыя менавіта галоўныя хрысціянскія падзеі, а не казкі пра Пасхальнага труса. У адным з заданняў трэба прачытаць урывак з Евангелля паводле св. Яна. Ён павінен зрабіць акцэнт на Радаснай Навіне, не перагружаючы дзяцей мукай Хрыста.
    2. Наблізіць да бацькоў праз супольнае выкананне заданняў: сумесную малітву або наведванне родных.
    3. Трэніраваць сілу волі праз пэўныя адрачэнні і, разам з тым, рабіць дабро на карысць іншым.
    4. Навучыць заўважаць сваю годнасць. На жаль, савецкі менталітэт, які ўсё яшчэ не знік, прызвычаіў дарослых больш крытыкаваць, чым хваліць сваіх дзяцей, таму некаторыя заданні дапамогуць ім усвядоміць сваю каштоўнасць.
    5. Прымусіць больш гаварыць, а значыць і больш думаць пра таямніцу Уваскрасення. І як следства – лепш усвядоміць галоўную падзею гісторыі чалавецтва і наблізіцца да Бога.
    Заданні размешчаны без нумароў, каб дзеці маглі падабраць адпаведную свайму настрою пастанову на кожны дзень. Каляндар разлічаны на дзяцей 4–11 гадоў.
    Замовіць яго можна па тэлефоне: (8 033) 689-78-86 – або праз Instagram-акаунт “bucikbobo”.
   
    Бажэна Чарнецкая, уладальніца інтэрнэт-крамы “Буцік БоБо”
У межах “CREDO” – хрысціянскага друку, мэтай якога з’яўляецца распрацоўка i распаўсюджванне метадычных матэрыялаў у працы з дзецьмi i моладдзю, – мы падрыхтавалі адмысловы буклет на Вялікі пост. Ён накіраваны на дапамогу падрастаючаму пакаленню ў лепшым перажываннi набажэнства Крыжовага шляху. Буклет змяшчае словы спеву, якiм можна малiцца ў пераходзе ад адной стацыі да другой. Там жа знаходзяцца і ноты, каб тыя, хто ўпершыню бачыць тэкст малiтвы, маглi самастойна навучыцца спяваць.
    Таксама буклет змяшчае пранумараваныя малюнкi i адпаведныя да iх налепкi-пастановы, якiя трэба наклеiць пад малюнкамі. Гэта пэўная дапамога i праца для дзяцей, якая выражаецца ў канкрэтных заданнях на Вялікі пост.
    На нашу думку, такiя распрацоўкi вельмі патрэбныя, бо з’яўляюцца добрай падказкай у перажываннi асаблівага літургічнага перыяду як з духоўнага, так i з практычнага бакоў. Спадзяёмся, з дапамогай нашага буклета хопцы і дзяўчаты больш глыбока стануць будаваць свае адносiны з Езусам.
    Замовіць буклет можна па тэлефонах: (8 029) 639-18-40 (кс. Станіслаў Вашкевіч); (8 033) 308-13-67.
    Святлана Астасевіч, супрацоўніца праекта “CREDO”
Калі АдвэнтС. Міхаліна Маркевіч OP,  катэхетка ў парафіі Беззаганнага Зачацця НПМ у Мінску – час радаснага чакання, які, незалежна ад узросту, перажываць прасцей, у выпадку з Вялікім постам па дарозе да перамогі жыцця над смерцю чакае некалькі выклікаў. Гэта перыяд інтэнсіўнай працы над сабой і расшырэння сэрца.
    Гаворачы пра якаснае перажыванне часу Вялікага посту ў жыцці дзіцяці, трэба разумець, што, як і ў многіх іншых сферах, вялізную ролю тут адыгрывае прыклад бацькоў. Гэта найбольш эфектыўна натхняе да змагання з сабой, да крокаў насустрач Богу. Цудоўна, калі дзіця дзеліцца з бацькамі загадзя, над якімі сваімі добрымі або кепскімі рысамі хацела б папрацаваць. Варта таксама з маленства разам чытаць і разважаць Божае слова, дзе крыецца ўся таямніца пакут і ўваскрасення Хрыста. Мама і тата могуць дапамагчы дзіцяці праводзіць паралелі паміж біблейскімі гісторыямі і ўласным жыццём, прымаць на гэтай аснове нейкія канкрэтныя рашэнні, шукаць адказы на нейкія ўласныя пытанні, маліцца Евангеллем.
    У сваю чаргу Касцёл прапануе шмат велікапосных практык, якія могуць дапамагчы станавіцца добрымі хрысціянамі і набліжацца да Бога. Аднак дзяцей трэба прызвычаіць да іх адпаведным чынам. Па-першае, пастановы на Вялікі пост. Варта растлумачыць дзецям іх сэнс. Напрыклад, самае папулярнае – не есці слодычаў. Трэба паразважаць, якім чынам можна гэта рабіць і які эфект для душы прынясе такое вырачэнне. На катэхезе мы з дзецьмі назвалі гэтую пастанову “Вочы, якія бачаць Бога ў іншых”. Справа не ў тым, каб адмовіцца ад салодкага, а затым на Вялікдзень з’есці ўсе цукеркі і “лопнуць”. Нашмат лепш аддаць ласункі тым, у каго іх няма. Напрыклад, падзяліцца (ці нават аддаць усё) з дзецьмі ў школе, якія не маюць магчымасці есці цукеркі. Быць можа, варта нават зрабіць гэта ананімна. Старэйшым дзецям, якім бацькі даюць кішэнныя грошы, можна прапанаваць замест пакупкі слодычаў для сябе купіць нейкую неабходную ежу патрабуючаму. Толькі, каб гэта было бяспечна для дзіцяці, варта папрасіць дапамогі ў кагосьці з дарослых.
    Больш складаны выклік, для самых адважных – адмовіцца ад гульняў на мабільных прыладах і камп’ютэрах, а зносіны ў сеціве замяніць жывымі сустрэчамі і ўчынкамі. Тут таксама неабходна паказаць перспектыву, што вольны час варта выкарыстаць на спатканне з Богам і іншым чалавекам. Напрыклад, наведаць бабулю, якой бывае сумна сядзець адной у сваёй кватэры, або больш часу прысвяціць супольнай сямейнай малітве.
    Па-другое, рэкалекцыі і Крыжовы шлях. У гэтых практыках варта ўдзельнічаць усёй сям’ёй. Для дзяцей прывабнасць набажэнстваў у значнай ступені залежыць ад таго, як яны арганізаваны. Дзіцяці лягчэй і цікавей прымаць у іх удзел, калі яно неяк асабіста ангажуецца. Напрыклад, можна зладзіць Крыжовы шлях з нейкімі сімвалічнымі прадметамі або малюнкамі, якія зрабілі самі дзеці. Гэта вельмі актывізуе іх удзел у малітве.
    Па-трэцяе, Песні жальбы. Аднак, на маю думку, не варта змушаць дзіця да ўдзелу ў гэтым набажэнстве, калі яно не хоча. У малым узросце яму складана ўсвядоміць нават асноўны яго змест. Да гэтай практыкі трэба дарасці, і не кожнаму яна дапаможа лепш перажыць таямніцу Уваскрасення.
    Добра, што час Вялікага посту – гэта не толькі высілак з боку чалавека, тым больш малога, але таксама асаблівы час дзеяння самога Бога.
У служэнніСвятлана Пацук,  катэхетка ў парафіі св. Францішка Ксаверыя ў Гродне дзецям вельмі важна даступна данесці тую праўду, якую Госпад адкрыў усім нам, каб яна стала фундаментам іх жывой веры: Бог з-за любові да кожнага з нас пайшоў на крыж. Разважанні над гэтым нават дарослым даюцца цяжка, што ўжо казаць пра маленькіх вернікаў.
    Вялікі пост мы перажываем раз у год, і паколькі дзеці прыходзяць на заняткі з пэўнымі ведамі, я заўсёды распачынаю гэтую тэму з велікапоснай віктарыны з некалькімі варыянтамі адказаў. Дзеці дзеляцца на групы і мусяць адказаць правільна на як мага больш пытанняў. Падобны занятак добры тым, што дазваляе ўбачыць, дзе хлопцы і дзяўчаты дапускаюць найбольш памылак, і далей зрабіць акцэнт на тлумачэнні гэтых момантаў.
    Я заўважыла, што дзеці маюць цяжкасці з вывучэннем стацый Крыжовага шляху. Для палягчэння запамінання і пабудовы лагічнага ланцужка выкарыстоўваю асацыяцыі. Найлепш з гэтым спраўляецца фільм Мэла Гібсана “Страсці Хрыстовы”, які глядзелі ўсе ад малога да вялікага. Пасля прагляду прапаную хлопчыкам і дзяўчынкам прыгадаць асноўныя падзеі Крыжовага шляху, а ўжо затым лагічна разважаць над іх зместам, ставячы паслядоўна ў ланцужок. У завяршэнне яны рашаюць галаваломкі: супастаўляюць нумары стацый і іх назвы.
    Для дзяцей важна нагляднасць. Набліжаючыся да 5-ай нядзелі Вялікага посту, калі Касцёл разважае над крыжом, ранамі і пакутамі Хрыста, я даю вучням адмысловае хатняе заданне: з падручных сродкаў разам з бацькамі зрабіць вянок з церня. Затым падчас занятку да “кароны” прымацоўваем папяровыя загатоўкі ў выглядзе кропель крыві з надпісамі – за што хочам прасіць прабачэння ў Езуса. Гэтую ж “карону”, а таксама розгі, кайданы і крыж выкарыстоўваем для дэкарацый на 5-ую нядзелю Вялікага посту. Усе намацальныя сімвалы дапамагаюць дзецям разважаць над мукай Хрыста.
    Калі тлумачу хлопцам і дзяўчатам пра крыж Збаўцы, акцэнтую ўвагу не толькі на болю, ранах і пакутах, але на Яго любові да кожнага чалавека. Любові, з-за якой аддаў самае каштоўнае – сваё жыццё. Прапаную дзецям зірнуць на крыж і пытаюся, ці ведаюць яны, як моцна Езус любіць іх? Калі хтосьці адмоўна махае галавой, падыходжу да яго з распяццем і кажу: “Глядзі, нават прыбіты да крыжа, Хрыстос цягне да цябе распасцёртыя рукі, каб абняць”. Пасля гэтай фразы заўсёды наступае маўчанне. Хтосьці ўглядаецца ў крыж, хтосьці абдымае яго, а хтосьці плача…