У гродзенскай катэдры аднавілі алтар св. Юды Тадэвуша

З жыцця Касцёла

Дзякуючы намаганням пробашча кс. каноніка Яна Кучынскага касцёл з кожным годам усё прыгажэе.
У свята свсв. апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылося ўрачыстае адкрыццё адноўленага 300-гадовага алтара св. Юды Тадэвуша. Асвячэнне падчас св. Імшы здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Рэстаўрацыйныя працы ў базіліцы пачаліся больш за 2 гады таму. Алтар спачатку разабралі, аднавілі пашкоджаныя драўляныя часткі, а пасля зборкі пакрылі пазалотай – так ён выглядаў раней. Змяніўся толькі сам колер алтара. Многія часткі скульптур давялося выразаць нанова.
   
Паводле гістарычных крыніц, двух’ярусны алтар датуецца 1720 годам. Выкананы ў барочным стылі ў майстэрні Крыстафа Пэйкера у Кёнiгсбергу. У першым ярусе знаходзяцца фігуры св. евангеліста Яна і св. апостала Сымона, у другім – анёлы з атрыбутамі св. Юды Тадэвуша, у завяршэнні – св. Міхал Арханёл, які перамагае д’ябла, і два анёлы, якія трубяць у фанфары. Антэпендыум упрыгожаны манаграмамі Марыі і Хрыста. Абразы, змешчаныя ў алтары, такія ж старадаўнія, як і сам алтар: у цэнтральным ярусе адлюстраваны св. Юда Тадэвуш, у верхнім – св. Стэфан, першы мучанік.

    На заканчэнне ўрачыстасці кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім, хто духоўным і матэрыяльным чынам паспрыяў аднаўленню алтара. Асаблівым чынам іерарх выказаў падзяку пробашчу кс. каноніку Яну Кучынскаму за руплівасць у аднаўленні катэдральнай святыні – маці ўсіх касцёлаў дыяцэзіі, якая “з кожным годам становіцца ўсё прыгажэйшай”.
    Момант асвячэння адноўленага алтараПробашч парафіі паведаміў, што на гэтым рэстаўрацыйныя працы ў касцёле не завершацца: у бліжэйшы час пачнецца аднаўленне яшчэ аднаго алтара. Кс. Ян выказаў надзею, што дзякуючы ахвярнасці і малітоўнай падтрымцы вернікаў і многіх зычлівых людзей атрымаецца аднавіць і іншыя алтары ў катэдры.